У аўторак дарадцы Аляксандра Лукашэнкі на чале з Уладзімерам Макеем і Віктарам Шэйманам, што апякуецца вэнэсуэльскім праектам, спрабавалі прадказаць ход падзеяў за акіянам.

Пытаньні, зьвязаныя з маючым адбыцца візытам Аляксандра Лукашэнкі ў Вэнэсуэлу, абмяркоўваліся ў аўторак на нарадзе ў Адміністрацыі прэзыдэнта. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе А. Лукашэнкі. Кіраўнік Беларусі меў ляцець за акіян у сьнежні, каб папрысутнічаць на здабычы першай тоны нафты з радовішча, якое Чавэс аддаў у дзяржаньне свайму адзінаму, апрача Расеі, эўрапейскаму сябру.

Параза Чавэса на нядзельным рэфэрэндуме ставіць гэтыя праекты пад сумнеў.

Шырокая грамадзкая кааліцыя — касьцёл, апазыцыйныя партыі, бізнэс, студэнцтва — здолела дабіцца немагчымага, праваліць чавэсаўскі плян канстытуцыйных зьменаў. Ён прадугледжваў пераход краіны да сацыялізму, а заадно — магчымасьць пажыцьцёвага кіраваньня прэзыдэнта-папуліста. Паводле афіцыйных зьвестак Цэнтравыбаркаму. супраць прагаласавалі 50,8 % выбарцаў. Рэальная лічба можа быць і яшчэ большай, чым абвешчаная ведамствам вэнэсуэльскай спн. Ярмошынай. Гэты пры тым, што Чавэс цалкам кантраляваў тэлебачаньне і праводзіў агітацыю з дапамогай апарату выканаўчай улады.

Правал Чавэса можа мець тыя самыя наступствы, што і параза Піначэта на такім жа нібыта заведама пэўным рэфэрэндуме 1988 году.

Пры Чавэсу гаспадарка Вэнэсуэлы дайшла да дурнога стану, калі ў пэрыяд завоблачных цэнаў на нафту, галоўную крыніцу багацьця і адзіны артыкул экспарту, эканамічны рост апусьціўся да сьціплых парупрацэнтавых паказчыкаў, а ў краіне пачаўся дэфіцыт асноўных прадуктаў, напрыклад, малака.

Эксцэнтрычны Чавэс у эканамічных пытаньнях кіруецца палітычнымі мэтамі: ён фінансуе рэжым Кастра на Кубе, выганяе адных інвэстараў і запрашае іншых. Яму заманулася замяніць заходнія тэхналёгіі братнімі кітайскімі і беларускімі. Нядаўна ён разарваў дыпляматычныя адносіны з суседняй Калюмбіяй і давёў да канфлікту з традыцыйна блізкай Гішпаніяй. Рэпліка караля гішпанцаў Хуана Карласа да Чавэса «А можа ты заткнешся» ў часе лацінаамэрыканскага саміту стала, мусіць. адной з прычынаў сэнсацыйнае паразы Чавэса ў нядзелю. Паразы, якая можа зьмяніць сьвет.

З правалу Чавэса можа пачацца захад эры «новых папулістаў». Палітычныя пазыцыі прэзыдэнта Ахмадзінэджада ў Іране пахіснуліся, а Мугабэ ў Зымбабвэ дажывае свае апошнія дні сярод інфляцыі, што сягае 15 000 працэнтаў.

Натхнёная перамогай вэнэсуэльская апазыцыя напэўна паспрабуе разьвіць посьпех. Можна чакаць у бліжэйшыя тыдні магутных маніфэстацый. Перад рэфэрэндумам на вуліцы ўжо выходзілі дзясяткі тысячаў студэнтаў.

Як калісьці Піначэт, Чавэс сутыкнуўся з згуртаваным непрыманьнем грамадзянскай супольнасьці. Бізнэс-колы жахае ягоная непрадказальнасьць, прафсаюзы змагаюцца за вяртаньне дабрабыту, падарванага гіганцкімі праектамі «баліварыянізму», моладзь мае досыць цемрашальства і «дзяржаўнае ідэалёгіі», Касьцёл бачыць у дзеяньнях Чавэса эгаістычную прагу ўладу і славы.

Сваё слова можа сказаць армія, зь якой Чавэс выводзіцца, але якая ўжо аднойчы супраць яго паўставала.

У выпадку падзеньня Чавэса Беларусі няма чаго разьлічваць на дармовую здабычу нафты.

У аўторак дарадцы Аляксандра Лукашэнкі на чале з Уладзімерам Макеем і Віктарам Шэйманам, што апякуецца вэнэсуэльскім праектам, спрабавалі прадказаць ход падзеяў за акіянам. Сама Беларусь паўплываць на хаду падзеяў у Каракасе ня здольная. Ці захоча і ці зможа Масква прыйсьці Чавэсу на дапамогу, падтрымаць інфармацыйна і вайскова? І ці сыграе такая дапамога нейкую ролю? Зрабіць Вэнэсуэлу Кубай нумар два Расея ня мае рэсурсаў дый інтарэсу. Для падтрыманьня высокіх цэнаў на энэргарэсурсы Расея мае іншыя, больш танныя і эфэктыўныя спосабы.

Беларуская дыпляматыя недастаткова вопытная, каб рабіць такія прагнозы. Але сама канструкцыя з апорай на заакіянскі папулісцкі рэжым занадта хісткая, каб пратрымацца доўга.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?