У Мінску падпісаны пратакол аб спыненні агню на паўднёвым усходзе Украіны з 18.00 5 верасня.

Аб гэтым паведаміла журналістам прадстаўнік АБСЕ Адэльхейд Тальявіні па выніках перамоў кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне.

«У нас ёсць добрая навіна — мы падпісалі пратакол аб неадкладным спыненні агню сёння з 18.00», — сказала яна. 

«Прэм'ер-міністр» самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі Ігар Платніцкі пацвердзіў: «Народныя рэспублікі доўга абмяркоўвалі гэта пытанне. Гатовыя з 18.00 да двухбаковага спынення агню». 

Пры гэтым ён падкрэсліў: пагадненне аб спыненні агню «не азначае, што гэта з'яўляецца змяненнем курсу нашага, што курс на аддзяленне закончыцца». «Гэта толькі меры, каб спыніць праліваць кроў», — заявіў Платніцкі. 

У сваю чаргу «прэм'ер-міністр» Данецкай народнай рэспублікі Аляксандр Захарчанка адзначыў, што падпісанне сённяшняга пагаднення «дапаможа захаваць жыцці людзей, не толькі мірных грамадзян, але і тых, хто са зброяй у руках адстойвае свае ідэалы».

Перамовы кантактнай групы доўжыліся каля дзвюх гадзін. Украінскі бок на іх прадстаўляў былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, расійскі — пасол РФ у Кіеве Міхаіл Зурабаў, АБСЕ — афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні, сепаратыстаў Данбаса — лідары баевікоў «ДНР» і «ЛНР» Аляксандр Захарчанка, Андрэй Пургін, Ігар Платніцкі і Аляксей Каракін. 

Як паведамлялася раней, свае мірныя планы ў Мінск прывезлі прадстаўнікі трох бакоў — Украіны, Расіі і Данбаса. 

Пасля заканчэння сустрэчы журналістаў папярэдзілі: будзе зроблена толькі кароткая заява для СМІ, адказы на пытанні не прадугледжаны. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?