Жыхар Магілёва, грамадскі актывіст Аляксей Паўлоўскі накіраваў прэзідэнту Расійскай Федэрацыі Уладзіміру Пуціну зварот са 138 подпісамі аб спыненні вайны ва Украіне.

Як паведаміў Паўлоўскі БелаПАН, ён збіраў подпісы на рынку райцэнтра Карма Гомельскай вобласці, дзе прадаваў сваю сельгаспрадукцыю. 

«Абураны тым бязмежжам, што творыць Расія ва Украіне, у знак салідарнасці з яе народам, я вырашыў напісаць зварот да Пуціна ад простых грамадзян з заклікам усталяваць мір ва Украіне. У звароце я заклікаў Пуціна вывесці разам з гуманітарным канвоем з Украіны ўласаўцаў, чачэнцаў, тэрарыстаў і іншыя дэструктыўныя сілы», — расказвае актывіст. 

Паводле слоў Паўлоўскага, за два дні пад зваротам падпісаліся 138 чалавек, у тым ліку некалькі расіян і адзін грамадзянін ЗША, які быў у Карме ў гасцях. Як адзначыў актывіст, некаторыя пакупнікі адмаўляліся падпісацца і казалі, што ім усё адно, але многія ахвотна падпісваліся. 

«У савецкі час, калі была агрэсія Амерыкі ў В'етнаме, актыўна збіраліся подпісы за мір, а цяпер чамусьці наша ўлада бяздзейнічае. Мяне гэта абурыла, таму я вырашыў збіраць подпісы сам», — пракаментаваў Паўлоўскі. 

Як паведаміў актывіст, падчас збору подпісаў да яго падыходзіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, якая заявіла, што Паўлоўскі збірае подпісы без санкцыі і выклікала міліцыю. Аднак актывіст паспеў схаваць подпісы. Паводле яго слоў, супрацоўнікі РАУС, якія прыбылі на месца, агледзелі яго, але нічога не знайшлі. 

У выніку Паўлоўскі накіраваў зварот са 138 подпісамі па пошце ў адміністрацыю прэзідэнта РФ. Адказ з Крамля пакуль не паступаў. 

У аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кармянскага райвыканкама паведамілі, што ні яго супрацоўнікі, ні міліцыя не перашкаджалі збору подпісаў. «Гэты грамадзянін пражывае ў Магілёве. Летам ён прыязджае ў Кармянскі раён да сваякоў, бацькоў жонкі. На рынку ў Карме ён прадаваў сельскагаспадарчую прадукцыю і адначасова збіраў подпісы, як мы бачылі, за мір ва Украіне. Мы ж таксама не супраць міру ва Украіне, таму яму не перашкаджалі, проста пацікавіліся, якая менавіта мэта збору подпісаў, і ўсё», — растлумачыла адна з супрацоўнікаў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. 

Паводле яе слоў, мясцовыя ўлады добра ведаюць Паўлоўскага, бо раней ён ад імя ветэранаў склаў калектыўны зварот з нагоды нібыта прысутнасці на гербе Кармы свастыкі. Гэты зварот быў накіраваны ў Генпракуратуру. Паводле слоў супрацоўніка аддзела ідэалагічнай работы, ветэраны былі ўведзены ў зман, а свастыка не прысутнічае ў гербе райцэнтра. Герб Кармы — сіняе палатно, у сярэдзіне пярэдняга боку два белыя шабельныя эфеса, пакладзеныя ў андрэеўскі крыж. Аснова герба і сцяга — радавы герб «Абшланк», які належыць роду Быкоўскіх. «Ветэраны самі былі абураныя, што ад іх імя паступіў такі зварот», — дадала супрацоўнік аддзела райвыканкама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0