Набыў моц прыгавор у дачыненні да 34-гадовага жыхара Брэста, які прычыніў з-за рэўнасці нажавое раненне мужу сваёй каханай.

Як паведаміла старшы пракурор аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Ларыса Караневіч, мужчына некалькі гадоў сустракаўся з замужняй жанчынай, якая перыядычна сыходзіла да яго ад мужа і затым зноў вярталася ў сям'ю. 

У чарговы раз палюбоўнікі сталі жыць разам восенню 2013 года. Вечарам 10 лістапада на адной з вуліц Брэста, вяртаючыся з гасцей, яны сустрэлі мужа жанчыны.

На глебе непрыязных адносінаў паміж мужчынамі ўзнікла сварка, падчас якой палюбоўнік, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення, дастаў складны кнопачны нож і чатыры разы ўдарыў ім саперніка. 

Пасля гэтага ён уцёк з месца злачынства разам з каханай. 

Выкліканая пацярпелым хуткая медыцынская дапамога даставіла яго ў бальніцу, дзе яму падчас аперацыі выдалілі пашкоджаную ў выніку нажавога ранення селязёнку. 

30 чэрвеня 2014 года суд Маскоўскага раёна Брэста прызнаў 34-гадовага мужчыну вінаватым па ч. 1 арт. 147 КК (наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, небяспечнага для жыцця пацярпелага) і прыгаварыў да чатырох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Асуджаны абскардзіў прыгавор, заяўляючы, што абараняўся, таму што на яго першым напаў пацярпелы.

5 верасня судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда адхіліла яго скаргу, пакінуўшы прызначаную судом першай інстанцыі меру пакарання ранейшай. Гэты вердыкт набыў законную моц. 

Асуджаны раней судзімы за падробліванне дакументаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?