Reuters.com

Reuters.com

Пагадненне аб спыненні агню, якое ў пятніцу на перамовах у Мінску ўзгаднілі з удзелам прадстаўнікоў Украіны і сепаратыстаў, мяркуючы па ўсім, выконваецца.

Афіцыйных паведамленняў аб баявых сутыкненнях і абстрэлаў у ноч на суботу не паступала.

Хоць у штабе АТА паведамілі, што ноччу былі выпадкі адкрыцця агню з боку сепаратыстаў, аднак падрабязнасці паабяцалі даць пазней.

Спыненне агню ўступіла ў сілу ў 18.00.

Паводле папярэдніх звестак на 4 верасня, канфлікт забраў жыцці каля 2600 чалавек, у тым ліку 837 украінскіх сілавікоў.

Бакі канфлікту абяцалі адвесці цяжкае ўзбраенне ад лініі супрацьстаяння адзін з адным, а ўжо ў суботу пачаць абмен палоннымі і забяспечыць дастаўку насельніцтву гуманітарнай дапамогі.

Хоць у дакуменце гаворыцца аб тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, прадстаўнікі сепаратыстаў заявілі, што лічаць перамір'е часовай мерай і не адмаўляюцца ад імкнення да незалежнасці.

АБСЕ будзе кантраляваць выкананне спынення агню.

Поўнага тэксту пагаднення з 12 пунктаў яшчэ афіцыйна не апублікавалі.

Пятро Парашэнка аддаў загад спыніць агонь на ўсходзе краіны з 18.00 пятніцы. Прадстаўнікі сепаратыстаў заявілі, што яны таксама спыняюць баявыя дзеянні.

У Мінску на сустрэчы трохбаковай кантактнай групы з прадстаўнікамі «ДНР» і «ЛНР» 5 верасня падпісалі папярэдні пратакол аб спыненні агню на Данбасе.

Як паведаміў прэзідэнт Парашэнка журналістам на саміце НАТО, пагадненне — на аснове менавіта яго плана і прынцыпах цэласнасці краіны.

Таксама спадар Парашэнка анансаваў, што, верагодна, у суботу адбудзецца вызваленне закладнікаў.

«Я яшчэ раз хачу падкрэсліць, што гэты мірны працэс заснаваны на маім мірным плане, на аснове тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Украіны», - сказаў ён журналістам ва Уэльсе.

У заяве, размешчанай на сайце прэзідэнта, гаворыцца, што прэзідэнт разлічвае, што дамоўленасці, уключаючы спыненне агню і вызвалення закладнікаў, будуць дакладна выконвацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?