Ота Дыкс. Аўтапартрэт

У сталічным Музэі сучаснага мастацтва адкрылася выстава графікі Ота Дыкса. Гэтая экспазыцыя твораў клясыка экспрэсіянізму сярэдзіны ХХ ст. арганізаваная менскім Інстытутам імя Гётэ і Інстытутам міжнародных сувязяў Штутгарту.

Славуты цяпер мастак нарадзіўся ў 1891 г. у Цюрынгіі, ля Гера, у пралетарскай сям’і. У 1909 г. ён паступіў у Акадэмію мастацтваў у Дрэздэне, але, як пачалася Першая сусьветная вайна, сышоў добрахвотнікам на фронт. За чатыры гады на Заходнім фронце, афіцэр‑кулямётчык Дыкс быў уганараваны Жалезным крыжам ды іншымі ўзнагародамі. Ён ваяваў шчыра. Ня гэтак з‑за патрыятычнага парываньня, як з‑за свайго ніцшэанства, бо за сваім кумірам уважаў вайну за перадумову чалавечага йснаваньня. Гэтак праз усю вайну ён і пранес дзьве кнігі, дзьве крыніцы свайго сьветапогляду — Біблію і томік Ніцшэ. Нават пасьля параненьня ён імкнуўся зноў у бой, запісаўшыся на авіяцыйныя курсы.

Па вайне сам Дыкс тлумачыў сваю ваярскую няўрымсьлівасьць:

«Я бачыў, як нехта ззаду мяне раптам упаў і сканаў, зьбіты куляю. І я хацеў гэта бачыць. Я ня пацыфіст, вераемна я проста занадта цікаўны. Я павінен быў бачыць ўсё гэта — голад, вашэй, бруд, жах, ад якога кладуць у штаны. Я сам павінен быў выпрабаваць на сабе ўсе гэтыя жудасныя бяздонныя глыбіні жыцьця. Вось чаму я пайшоў на вайну дабраахвотна.».

Па вайне Ота Дыкс давучыўся ў Дрэздэнскай акадэміі, скончыў у 1925 яшчэ й Акадэмію мастацтваў у Дзюсэльдорфе. Ад 1927 г. ён стаў і прафэсарам, Акадэміі мастацтваў у Дрэздэне.

У тыя гады Дыкс быў блізкі да руху дадаістаў, сымпатызаваў анархічным і нігілістычным настроям. Менавіта тады ён зьвярнуўся да экспрэсіянізму і «новай урэчаўлённасьці». У творах Дыкса 1920‑х бязьлітасная трапнасьць дэталяў, што мяжуе з фантастычнасьцю, становіцца адметнай рысаю ягонага стылю. Стылю гратэскнага, трагічна пераламанага, часьцяком вычварнага.

Гэткае сьветаадчуваньне ў Дыкса сфармавалася ў вайну. Але ён застаўся па‑за палітыкай. Гэтаксама як і ягоны ўлюбёны Ніцшэ, Дыкс застаўся «па той бок дабра і зла». І ўласнае творчае крэда ён сфармуляваў у дзёньнікавых запісах напрыканцы вайны:

«Што нам насамрэч патрэбна будзе ў будучым, дык гэта фанатычна безстароньні натуралізм, як у Грюнэвальда, Босха й Брэйгеля…Наша задача — урэчавіць твар нашага часу, а як мы яшчэ гэтага можам дасягнуць, як не з дапамогаю рэальнага сьвету!». Перадусім, за зьнешняй брутальнасьцю некаторых ягоных вобразаў, тоіцца і вялікая прага чалавечнасьці, разуменьне ненармальнасьці свайго часу. Лепшыя творы Дыкса — гэта праграмная эстэтыка памежнага стану, бязьлітаснага выбару. Жыцьцё альбо сьмерць. І таму ягонае аналітычнае, прэпаруючае мастацтва набывае веліч звышдакумэнтальнасьці. Гэта ён пісаў: «Мастакі не павінны спрабаваць палепшыць сьвет і навяртаць людзей на сваю веру. Яны дзеля гэтага надта мізэрныя. Яны павінны адно выступаць сьведкамі. «.

У сёньняшняй выставачнай экспазыцыі Музэю сучаснага мастацтва прадстаўленыя 90 чорна‑белых афортаў, створаных Дыксам цягам 1920‑х, яшчэ ў часе вучобы. Аснову экспазыцыі складае графічная нізка «Вайна», што была выйшаўшы ў Бэрліне ў 1924 г. Гэты цыкаль, што складзены з 50 твораў, ёсьць мастацкім сьведчаньнем ваенных жахаў і людзкіх пакутаў, што бязьлітасна зафіксаваў Дыкс.

Частка экспанаваных працаў Дыкса прысьвечаная й драматычнаму лёсу сацыяльных нізоў паваеннага нямецкага грамадзтва. Выстава будзе трываць да 18 сьнежня. Мо ня кожны глядач стане аматарам творчасьці гэтага мастака, але кожны будзе мець унікальную магчымасьць асабіста пазнаёміцца з адной з самых маштабных мастацкіх зьяваў сярэдзіны ХХ стагодзьдзя — зь нямецкім экспрэсіянізмам, аўтарства Ота Дыкса.

Сяргей Харэўскі

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0