Афіцыйны прагноз па інфляцыі перагледжаны — рост спажывецкіх цэн у 2014 годзе чакаецца на ўзроўні 17,3%, гаворыцца ў жнівеньскім нумары «Экономического бюллетеня», які выдаецца Навукова-даследчым эканамічным інстытутам Міністэрства эканомікі Беларусі. Раней гэты паказчык прагназаваўся на ўзроўні 11%.
Рашэнне павысіць прагнозны параметр было прынятае ўрадам у сувязі з невыкананнем першапачатковага прагнозу. Для дасягнення новага паказчыка, паводле разлікаў НДЭІ Мінэканомікі, сярэднямесячны рост спажывецкіх цэн у другой палове года не павінен перавышаць 1,04%.
Нагадаем, у ліпені спажывецкія цэны на тавары і паслугі ў Беларусі выраслі ў параўнанні з чэрвенем на 0,9%. З улікам дынамікі ў першай палове года інфляцыя за студзень-ліпень склала 11,1% і перавысіла ўстаноўлены ўрадам гадавы прагноз.
На думку спецыялістаў НДЭІ, асноўнае ўздзеянне на паскарэнне інфляцыі аказаў рост цэн на харчовыя тавары і паслугі, «якія ў той ці іншай ступені рэгулююцца дзяржавай».
Як лічаць эксперты інстытута Мінэканомікі, прыняцце ў першай палове года рашэння «аб адмене ўстанаўлення гранічных цэн і пераходзе да свабоднага цэнаўтварэння на мяса значна павысіла цэны на рынку харчавання і прывяло да паскарэння інфляцыі ў другім квартале, зрабіла відавочным невыкананне прагнознага параметру па ўзроўні інфляцыі».
Паводле ацэнак НДЭІ, асноўныя рызыкі ўзмацнення інфляцыйных працэсаў у другой палове года «могуць быць звязаныя з дэвальвацыйнымі чаканнямі, рэальнай верагоднасцю зніжэння курсу нацыянальнай валюты больш, чым было запланавана, а таксама ростам цэн па рэгуляваных групах тавараў і паслуг (прамое рэгуляванне, устанаўленне новых акцызаў)».
Нагадаем, вясной Сусветны банк (СБ) прагназаваў, што гадавы паказчык інфляцыі ў Беларусі перавысіць 16%. Такі прагноз, адзначаў СБ, цалкам рэалістычны, асабліва калі адбудзецца запланаванае павышэнне тарыфаў на камунальныя паслугі і працягнецца карэкціроўка абменнага курсу.
У 2013 годзе інфляцыя ў Беларусі склала 16,5%. Паводле звестак БелаПАН, у прагнозных дакументах на 2015 год ставіцца задача знізіць гэты паказчык да 12,5%.