05.12.2007 / 08:35

«Сьцяна» дапамагла Патрыку

Гурт «Сьцяна» днямі вярнуўся з сталіцы Польшчы. Там беларуская каманда выступіла ў межах дабрачыннай акцыі «Беларуская філялёгія для Патрыка». Галоўнае мэта — сабраць сродкі для маленькага хлопчыка Патрыка, што хворы на лейкемію.

СьцянаАрганізатарамі імпрэзы выступілі студэнты факультэта беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту. Акром «Сьцяны» ў канцэрце ў клюбе «Вэтліна» таксама прымаў удзел рэгі‑гурт з Ўроцлава Siddhartha. Грошы за квіткі пайшлі на лекі для хлопчыка, акрамя таго пад час канцэрту праводзіўся дабрачынны аўкцыён — прадавалі дыскі 5’nizza і N.R.M., берасьцейскае цёмнае ды кнігі вершаў Алеся Разанава. Людзей было шмат — на танцпляцы перад сцэнай не хапала месца. У выніку ўдалося сабраць болей за 3000 злотых.

Лідэр «Сьцяны» Андрусь Клімус падзяліўся з ТГ уражаньнямі ад гэтага канцэрту:

«Наш выступ атрымаўся вельмі энэргетычным. Перавага невялікіх канцэртных пляцовак у тым, што ствараецца нейкая хатняя атмасфэра. Паколькі ў «Вэтліне« сцэна даволі маленькая, наш вакаліст Паша проста выставіў мікрафон на танцпляц і аказаўся з трох бакоў акружаным людзьмі. У выніку кантакт са слухачом атрымаўся проста ахвігенны — такога слэму на нашым выступе я напэўна яшчэ ня бачыў».

«Сьцяна» адразу пагадзілася ўзяць удзел у дабрачынным канцэрце. Музыкі кіруюцца такой думкаю: «Зробленае для іншых вернецца да цябе — проста на нейкім іншым узроўні»

Тузін Гітоў

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру