Падпісанне 5 верасня ў Мінску пратакола аб урэгуляванні сітуацыі ва Украіне не азначае легітымізацыі так званых Луганскай і Данецкій народных рэспублік, заявіў 9 верасня на брыфінгу ў Кіеве дырэктар дэпартамента інфармацыйнай палітыкі МЗС Украіны Яўген Перабійніс. 

«Важным палітычным аспектам з'яўляецца тое, што названыя дамоўленасці дасягнутыя на прынцыпах павагі да суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны», — цытуе Перабійніса ўкраінскі рэсурс ЛІГАБізнесІнформ

У пратаколе, заўважыў прадстаўнік МЗС, «не згадваюцца так званыя ЛНР і ДНР». «Грамадзяне Захарчанка і Платніцкі («прэм'ер-міністры» самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік Аляксандр Захарчанка і Ігар Платніцкі) падпісалі пратакол без указання сваіх пазіцый, таму факт падпісання гэтага пратакола ніякім чынам не азначае легітымізацыю гэтых незаконных груповак», — падкрэсліў Перабійніс. 

Ён таксама адзначыў, што Расія з'яўляецца бокам-падпісантам дасягнутых дамоўленасцяў, і гэта «ўскладае на яе прамую адказнасць» за іх выкананне. Падпісаны ў Мінску пратакол базуецца на палажэннях мірнага плана прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі і ўлічвае ключавыя прыярытэты Украіны ва ўрэгуляванні крызісу ў Данбасе, заявіў Перабійніс. 

«Першачарговай мэтай дасягнутых дамоўленасцяў з'яўляецца неадкладнае спыненне кровапраліцця і стварэнне ўмоў для ўрэгулявання сітуацыі ў Данбасе. Цяпер распрацоўваецца дарожная карта, якая будзе ўтрымліваць практычныя крокі па выкананні кожнага пункта пратакола», — сказаў прадстаўнік МЗС Украіны. 

Паводле слоў Перабійніса, акрамя двухбаковага спынення агню і вызвалення заложнікаў як першачарговых крокаў, далейшая рэалізацыя дамоўленасцей будзе заключацца ў забеспячэнні эфектыўнага кантролю над украінска-расійскай мяжой, вывядзенні рэгулярных расійскіх войскаў, ваеннай тэхнікі і баявікоў з тэрыторыі Украіны, а таксама зняцці тэрарыстамі перашкодаў для доступу гуманітарных грузаў на часова падкантрольнай ім тэрыторыі. 

Нагадаем, напярэдадні былы прэм'ер-міністр Украіны, кандыдат у прэзідэнты на датэрміновых выбарах 2014 года Юлія Цімашэнка заявіла, што падпісаны ў Мінску пратакол аб часовым перамір'і на ўсходзе Украіны надзвычай небяспечны для тэрытарыяльнай цэласнасці краіны. 

Яна, у прыватнасці, адзначыла, што ў дакуменце няма патрабавання вываду расійскіх войскаў з тэрыторыі Украіны. «А гэта дэ-факта азначае іх замацаванне на нашай тэрыторыі», — мяркуе Цімашэнка. Акрамя таго, у пратаколе «прызнаныя невядомыя фарміраванні — ЛНР, ДНР — як афіцыйны бок, які іх падпісаў». «Як вынік, хтосьці можа вырашыць, што Украіна прызнала, што яна вядзе грамадзянскую вайну», хаця, на думку Цімашэнкі, «ЛНР, ДНР не існуюць дэ-факта, існуе агрэсія Расійскай Федэрацыі, якая абвясціла Украіне вайну». 

Нагадаем, пратакол аб урэгуляванні сітуацыі ва Украіне, які складаецца з 12 пунктаў, быў падпісаны 5 верасня ў Мінску на пасяджэнні кантактнай групы ў фармаце Расія — Украіна — АБСЕ — сепаратысты Данбаса. Паведамлялася, што ўдзельнікі перамоў дамовіліся сабрацца праз сем-восем дзён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?