Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 432 «Аб унясенні зменаў ва ўказ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2001 г. № 355». Дакументам карэктуюцца палажэнні агульнавайсковых статутаў Узброеных сіл, якія закранулі больш за палову раней дзейных артыкулаў, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Змены прадугледжваюць прывядзенне ў адпаведнасць з заканадаўчымі актамі і існай арганізацыйнай структурай Узброеных сіл тэрміналогіі агульнавайсковых статутаў. У сувязі з ліквідацыяй дысцыплінарнай вайсковай часткі са статутаў выключаны палажэнні аб яе ўтрыманні і знаходжанні ў ёй ваеннаслужачага.

У Статуце ўнутранай службы ўдакладненыя абавязкі камандзіраў (начальнікаў) і асноўных службовых асоб брыгады (палка), парадак прадстаўлення службовых асоб перад пачаткам інспектавання (праверкі) вайсковай часці. Парадак накіравання падраздзяленняў (каманд) у пешым парадку прыведзены ў адпаведнасць з патрабаваннямі правілаў дарожнага руху. З мэтай павышэння эфектыўнасці ўнутранай службы ўдакладнены парадак яе арганізацыі, а таксама спецыяльныя абавязкі асоб сутачнага нараду.

На дзяжурнага па вайсковай часці ўскладаецца адказнасць за захаванасць зброі і боепрыпасаў афіцэраў і прапаршчыкаў вайсковай часці, якія знаходзяцца пад яго аховай, выключаюцца яго абавязкі ў дачыненні да арыштаваных ваеннаслужачых у сувязі з адсутнасцю ў вайсковых часцях Узброеных сіл вайсковых гаўптвахт.

Уводзіцца норма, якая абавязвае ваеннаслужачых, што праходзяць ваенную службу паводле кантракта, пасля завяршэння лячэння ў амбулаторных або стацыянарных умовах падаваць неабходныя апраўдальныя дакументы.

Перапрацаваны парадак аховы сутачным нарадам паркаў узбраення і ваеннай тэхнікі.

У Статуце гарнізоннай і вартавой службаў выключаны шэраг службовых асоб гарнізона ў сувязі з арганізацыяй забеспячэння вайсковых часцей згодна з тэрытарыяльным прынцыпам, а таксама ўскладаннем некаторых функцый на ваенныя камендатуры.

З улікам практыкі ўдакладненыя абавязкі службовых асоб гарнізона.

Статут дапоўнены раздзелам «Ваенныя камендатуры», у якім вызначаюцца прававы статус, асновы дзейнасці і задачы ваенных камендатур, а таксама абавязкі іх службовых асоб.

У Дысцыплінарным статуце зменены і дапоўнены пералікі заахвочванняў і дысцыплінарных спагнанняў, што прымяняюцца да ваеннаслужачых. Прадугледжваецца норма, якая дазваляе прымяняць да ваеннаслужачых у адпаведнасці з заканадаўствам заахвочванні, не ўказаныя ў ДС.

Удакладнены пералік дысцыплінарных спагнанняў, што накладаюцца на курсантаў ваенных навучальных устаноў у сувязі з распаўсюджваннем на іх статусу ваеннаслужачых, якія праходзяць ваенную службу паводле кантракта, а таксама парадак прывядзення ў выкананне дысцыплінарнага спагнання «папярэджанне аб няпоўнай службовай адпаведнасці». Выключана норма па накладанні дысцыплінарных спагнанняў на прапаршчыкаў і афіцэраў, якая знаходзяцца ў запасе або ў адстаўцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?