Самалёт пераляцеў Сіцылію, што была бачная ўся чыста як на далоні, бліснуў ва ўсе бакі ўльтрамарын мора, паказаліся зялёныя горы, лапікі палёў і садоў, а затым разгарнулася неабсяжная Сахара…

Па што людзі імкнуцца ў Туніс? Па чыстае паветра, што задзімае з усіх бакоў Міжземнамор’я, б’ецца ў горы і перамешваецца з духам Сахары. Па чыстае мора і чыстыя прасторы зямлі, не знявечаныя вялікай індустрыяй. Па ўражанні ад тысячаў помнікаў гісторыі і культуры, важныя для ўсяго чалавецтва, бо колісь тут вырашаўся лёс цывілізацыі, у сутыкненнях Карфагена і Рыма, хрысціянства і ісламу. Па камфортны адпачынак на курортах са стагадовымі традыцыямі. Па маўрытанскую экзотыку Магрыба, што дасёння існуе тут у сваім натуральным штодзённым выглядзе.

Мужчынскі свет

Уяўленне пра краіну можна скласці па трох рэчах: могілках, рынках і …прыбіральнях. У Тунісе могілкі дагледжаныя, поўныя людзей па пятніцах, рынкі — найбагацейшыя, нібы з арабскіх казак, дый камфортныя прыбіральні тут паўсюль, нават у вёсках. Хоць і з тутэйшым каларытам: у палове прыбіральняў жаночых аддзяленняў проста не прадугледжана.

Гэта мужчынскі свет: мужчыны кіруюць краінай, войскам, бізнэсам, нават дэпартаментам па справах жанчын. Справа ў непарыўнасці архаічных традыцыяў: людзі жывуць у прапрадзедаўскіх дамах, трыма­чатырма пакаленнямі пад адным дахам, дзе кіруюць свае мафусаілы.

Па вечарах мужчыны напаўняюць тамтэйшыя атмасферныя маўрытанскія кавярні: моцная, каламутная, салодкая, як сіроп, гарбата з мятаю, яшчэ мацнейшае — café turc, гушчэзная кава па­турэцку, якую без вады і не пракаўтнеш, а вечарамі — кальянны куродым… Аднае начы, заблукаўшы ў лабірынце сярэднявечнага горада Набёль, памкнуліся ў адзін такі «мужчынскі клуб», з жонкаю і дачкою. Наведнікі расступіліся, пайшлі пыхаць кальянамі на вуліцу, а дзіця ўтаропілася ў тэлевізар, дзе выпадкова ішоў мультфільм «Том і Джэры». Падобны да ўсохлага Эркюля Пуаро гаспадар абслужыў нас па­старасвецку манерна і не даваў іншым наведнікам пераключаць тэлевізар, пакуль дзіця цікавала за прыгодамі ката і мыша. Барадатыя правэнджаныя дымам заўсёднікі здзіўлена­замілавана сачылі за намі. Мы для іх былі дзівам. За пару кварталаў ад раёна гатэляў і офісаў. Большасць тунісцаў, недатычных да індустрыі турызму, жыве як і сто гадоў таму…

 

А вакол — блокпасты

Туніс вабіць мільёны турыстаў з усяго свету. У гатэлі, дзе жыў я, былі госці з 12 краін. Вельмі шмат людзей прыязджае сюды на адпачынак і па медыцынскія паслугі найвышэйшае якасці з суседніх Алжыра і Лівіі. Безліч нашых колішніх суайчыннікаў з краёў СНД, турыстаў з Літвы, Чэхіі, Славакіі, Польшчы, якіх вабяць надзвычай танныя кошты. Багата едзе ў Туніс італьянцаў, немцаў і скандынаваў. На маё пытанне, з якой краіны найбольш адпачывае турыстаў у іх, яны іранічна перапытвалі, ці ж здагадаюся я сам, калі Туніс быў калоніяй Францыі? Да 2 мілёнаў французаў за год! «Для іх гэта як для савецкіх людзей быў Крым!» — кажа экскурсавод, у якога жонка родам з Сімферопаля. Тут, у гарадах, амаль усё французскае: машыны, дызайн, банкі, сеткі супермаркетаў. «Але яны — баязліўцы! Нікуды не высоўваюцца з гатэляў, за межы асобных зонаў!» Гэтая інфармацыя мяне напружыла, і я стаў пільней углядацца ў паўсюдныя блокпасты і ў мясцовыя тэленавіны. Так і ёсць: у самім Тунісе дзейнічаюць тэрарысты, а на межах з Алжырам і Лівіяй перманентна ідуць баі… Нашы айчынныя тураператары пра гэта «тактоўна» не папярэджваюць.

Разрабаваныя рэзідэнцыі

Насупраць гатэля, у якім я жыў, — велізарная рэзідэнцыя былога прэзідэнта Бэн Алі. Сады вакол палаца закінутыя, усё пасохла. Скінуты дыктатар Бэн Алі ўцёк чатыры гады таму са сваімі «залатымі батонамі» некуды на Блізкі Усход.

Яго рэзідэнцыі і аб’екты трапляюцца ў розных кутках Туніса. Цяпер яны закінутыя і засмечаныя. Жаласлівае відовішча — ссохлыя шыкоўныя сады і паркі вакол. У Хамамеце з гэтых садоў тубыльцы пакралі нават водаправодныя трубы, адвінцілі і зламалі ўсё што можна. Нават быдла пасвяць!

Начное жыццё ў Рамадан

Я быў у Тунісе падчас святога для мусульманаў месяца Рамадан. Люблю я такую пару ў ісламскіх краінах. Удзень ціха і бязлюдна. Прававерныя не мусяць ад узыходу сонца да заходу піць, есці, паліць і нават пляваць. Большасць кавярняў і крамаў замкнутыя.

 Тыповая маўрытанская кавярня.

Затое як хораша слухаць гэтую старажытную цішыню, у якой чуваць плёхат кожнае марское хвалі, якую парушаюць толькі гукі азанаў — заклікаў да малітвы з мінарэтаў.

Начны рынак у Набёле

Затое ўначы тут усё бруіць імпэтным і радасным жыццём. Рыхтык на Каляды. Як толькі закоціцца сонца — пачынаюць працаваць дзіцячыя атракцыёны! Мы бесклапотна і разняволена сноўдаліся па мястэчках і гарадах Туніса найчасцей уначы. Тады там закіпаюць на ўсю моц рынкі, крамы і рэстарацыі.

Правінцыйны базар. Водары і смакі Афрыкі.

Людзі вясёлымі натоўпамі выходзяць на вуліцы. Арабскія ночы бясконцыя, вязкія, нібы мёд, і п’янкія, як кальянны кумар. Людзі жывуць уначы на ўсю моц, адпачываючы, а, перадусім, працуючы!Але з раніцы ўсё зноў выглядае бадзёра, пуста, чысценька і нечакана прасторна… Рамадан!

Завулкі старога гораду ў Набёле

Карфаген і іншыя атракцыі

Большасць турыстаў імкнецца ў Туніс дзеля Карфагена. Цяжка паверыць, што гэты горад быў супернікам Рыма ў Міжземнамор’і. Руіны не ўражваюць. Іх можна зблытаць з дзясяткамі іншых раскапаных антычных гарадоў. А вось сам наратыў уражвае моцна…

Тое, што засталося ад Карфагена

Каб лёс быў на баку Ганібала, то невядома яшчэ, якімі б літарамі й лічбамі мы паслугоўваліся сёння. За адзін дзень старжытны Карфаген, які быў плошчаю амаль з сучасны Мінск, абысці нерэальна.

Прадметам асаблівага гонару Туніса й усяго Міжземнамор’я ёсць Нацыянальны музей Бардо — збор антычнага і ісламскага мастацтва, што месціцца пры палацы халіфаў, у зялёным парку, аточаным афрыканскімі пяскамі, у прадмесці Туніса.

Сёння гэта ці не найбуйнейшы ў свеце музей мазаікі Бардо. І гэта самы лепшы паводле арганізацыі прасторы і даступнасці экспазіцыі музей класічнага мастацтва, які я бачыў. Тут рэчы, знаёмыя мне ажно з дзяцінства, па кніжках, часопісах, падручніках. Напрыклад — прыжыццёвы мазаічны партрэт Вяргілія.

Стары корпус музея, асманскія часы.

Нас уразіла і Віла Себастыяна ў Хамамеце. Гэты дом, пабудаваны ў 1920 заможным румынам Георгіем Себастыянам, — унікальная выспа памяці жывой. Тут былі Андрэ Жыд, Жорж Бернанос, Эжэн Ёнэска. Тут высыпаўся «ліс пустыні» генерал Ромель, а за ім, у той самай спальні, але па вайне — Чэрчыль, які пачаў тут свае мемуары.

Столік Чэрчыля ў Хамамеце.

Магутнае ўражанне на любога чалавека зробіць і бела­блакітны горад Сідзі Бу Саід.

Лазурна-белы Сідзі Бу Саід — горад мастакоў і паэтаў.

Дзіўнае, невымоўна ўтульнае і сваістае мястэчка, намаляванае двума колерамі…

Лазурна-белы Сідзі Бу Саід — горад мастакоў і паэтаў.

Тут жыло й бывала багата мастакоў, сярод іншых — Казімір Малевіч і Васіль Кандзінскі, Аўгуст Макэ ды Паўль Клее. Тут жылі французскія класікі — пісьменнікі Флабэр, Шатобрыян, Гі дэ Мапасан. Але, перадусім, у ім ёсць магутная містычная сіла і невымоўная прыцягальнасць.

Дух Магрыба

Сталіца Туніса — горад кантрастаў! У адрозненне ад еўрапейскага Мінска, там ёсць агульны непарыўны безбар’ерны асяродак: скошаныя бардзюры на пераходах, пандусы і парэнчы паўсюль, вадазлівы з дахаў л’юць ваду не пад ногі мінакоў, як у нас, а некуды пад зямлю — у ліўнёўкі пад вуліцамі, а пешаходныя вуліцы і пляцы займаюць ладную часту цэнтра горада, дзе можна шпацыраваць, не азіраючыся на машыны…

Каталіцкі сабор у Тунісе

Нацыянальны тэатр

Цэнтральны праспект Туніса

Але на краі горада, з каталіцкай катэдрай, аркадамі пасажаў, рускай царквою і абсалютна еўрапейскага выгляду буцікамі і рэстарацыямі, ляжыць тамтэйшая сярэднявечная медына — стары горад, куды турыстам хадзіць не раяць.

Цэнтральныя вуліцы медыны старога Хамамета.

Тут пануе дух Магрыба — кабеты ў чадрах, маўклівыя старыя ў берберскіх балахонах, аслы і вярблюды ў дварах, надзейна зачыненыя ў Рамадан кавярні, крамы і офісы, самлелыя ад шчырага посту і спёкі людзі, якія ляжаць проста на ходніках. Іншасвет…

Вой, ледзь пра мора не забыўся! Па шчырасці — найлепшае, што я бачыў у жыцці. Шмат чысцюткіх бялюткіх пляжаў уздоўж бязлюдных пустак між мястэчкамі. Часам можна ўбачыць «пірацкія» караблі ды сапраўдныя рыбацкія чаўны з багатай здабычаю.

Знайшоў я ў Тунісе ўсё, што шукаў: чыстае паветра, неабсяжныя прасторы некранутае прыроды, безліч помнікаў усіх эпох, незабыўную экзотыку і досвед штосядзённага чужога людскага жыцця.