У Беларусі плануецца прадаваць жыллё ў лізінг. Такая норма прадугледжана ў праекце закона «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь»,

паведаміў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па бюджэце і фінансах Уладзімір Шыцько.

«Норма, якая змешчана ў гэтым праекце закона, дазволіць прадаставіць грамадзянам Беларусі магчымасць выкарыстоўваць механізм лізінгу для набыцця маёмасці, напрыклад, жылля, аўтамабіляў, бытавой тэхнікі і гэтак далей. Раней такая паслуга была даступна толькі фізічным асобам, якія ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць», — адзначыў дэпутат.

На яго думку, гэта магчымасць дазволіць многім вырашыць сваё кватэрнае пытанне. «Не кожны можа за адзін раз выплаціць увесь кошт жылля. Каб набыць нерухомую маёмасць у лізінг, дастаткова спачатку ўнесці пэўную суму ад агульнага кошту купляемай маёмасці, звычайна ён не ніжэйшы за 25-30 працэнтаў, а потым штомесяц ажыццяўляць выплаты ў памерах, прадугледжаных дагаворам з лізінгадаўцам», — растлумачыў Уладзімір Шыцько. Тэрмін, за які неабходна выплаціць кошт маёмасці поўнасцю, таксама будзе вызначацца ўмовамі дагавора з лізінгадаўцам.

У праекце закона прадугледжана, што лізінгадавец мае права выкарыстоўваць прадмет лізінгу ў якасці прадмета залогу для забеспячэння выканання абавязацельстваў па заключаным дагаворы.

Уладзімір Шыцько паведаміў, што лізінгавую дзейнасць змогуць ажыццяўляць лізінгавыя арганізацыі, уключаныя ў рэестр такіх арганізацый, а таксама юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі без уключэння ў гэты рэестр. «Такім чынам, калі ІП займаецца рэалізацыяй, напрыклад, складанай бытавой тэхнікі, ён таксама зможа прадаваць яе ў лізінг. Пры гэтым ні індывідуальныя прадпрымальнікі, ні лізінгавыя арганізацыі, уключаныя ў рэестр, не павінны гэтага рабіць у абавязковым парадку, а толькі па ўласным жаданні. Напрыклад, калі вытворца або прадавец будзе бачыць, што ў яго ўзніклі складанасці з продажам, то частку тавару ён можа рэалізаваць у лізінг. Калі ў забудоўшчыка гатовы купляць кватэры за поўны кошт, то яму не трэба выкарыстоўваць лізінгавыя механізмы. У гэтым выпадку рынак будзе дыктаваць умовы работы», — сказаў ён.

Парламентарый лічыць, што паўнацэннае ўкараненне лізінгу для фізічных асоб знізіць нагрузку на банкаўскую сістэму па крэдытаванні эканомікі. На яго думку, набыццё грамадзянамі нерухомай маёмасці і прадметаў працяглага карыстання на ўмовах лізінгу можа стаць альтэрнатыўнай крыніцай задавальнення попыту насельніцтва на доўгатэрміновае фінансаванне. «Калі лізінг запрацуе ў поўным аб'ёме, у банкаў з'явіцца магчымасць зменшыць крэдытаванне грамадзян. Таксама праз лізінг больш інтэнсіўна будзе рэалізоўвацца прадукцыя айчынных вытворцаў, знізяцца складскія запасы, з'явіцца магчымасць поўнасцю загрузіць вытворчыя магутнасці прадпрыемстваў, такім чынам знізіцца іх патрэбнасць у банкаўскіх крэдытах», — адзначыў Уладзімір Шыцько.

Праект закона распрацаваны ў адпаведнасці з указам ад 25 лютага 2014 года нумар 99 «Аб пытаннях рэгулявання лізінгавай дзейнасці». Дакумент будзе разгледжаны на асенняй сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?