Тарыф на капітальны рамонт жылога дома (600 рублёў за метр), які ўстаноўлены для насельніцтва, рэзка павышацца не будзе, паведаміў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Шорац. 

Ён нагадаў, што ў мэтах сацыяльнай абароны насельніцтва на заканадаўчым узроўні ўстаноўлены абмежаванні, накіраваныя на плаўнае павышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі. 

Так, згодна з указам № 550 ад 5 снежня 2013 года, устаноўлена абмежаванне па павелічэнні тарыфаў у 5 долараў ЗША з наступнай індэксацыяй адпаведна росту намінальнай заработнай платы. 

«У пералік паслуг, па якіх робіцца разлік павышэння ў межах 5 долараў, уваходзіць і капітальны рамонт жыллёвага фонду, таму рэзкага павышэння тарыфу на гэтую паслугу, і тым больш павышэння яго да ўзроўню, які забяспечвае поўнае кампенсаванне затрат, не прагназуецца», — падкрэсліў Шорац. 

Як паведамлялася раней, згодна з вясновымі ацэнкамі Мінфіна, каля паловы патрэбы ў сродках на капітальны рамонт жыллёвага фонду пакрываецца ў краіне з бюджэту. У той жа час насельніцтва, паводле звестак Мінфіна, аплачвае менш чым 20% ад патрэбы ў сродках на капітальны рамонт. 

Паводле звестак Мінфіна, наяўных сродкаў на капітальны рамонт жылфонду недастаткова. Адным са шляхоў вырашэння праблемы недахопу сродкаў на капітальны рамонт жылых будынкаў некаторыя рэгіёны бачаць у прыцягненні льготных крэдытных рэсурсаў на фінансаванне адпаведных работ. Разам з тым Міністэрства фінансаў гэтую прапанову не падтрымлівае. 

Раней Мінфін, спасылаючыся на інфармацыю Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, паведамляў, што тарыф, які забяспечвае поўнае кампенсаванне затрат на капітальны рамонт жыллёвага фонду, складае прыкладна 3.600 рублёў за квадратны метр агульнай плошчы, ці 173 тыс. рублёў у месяца за тыповую двухпакаёвую кватэру плошчай 48 квадратных метраў. 

Цяпер, згодна з інфармацыяй, размешчанай на сайце Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, тарыф на капітальны рамонт ва ўсіх абласцях Беларусі ўстаноўлены для насельніцтва на ўзроўні 600 рублёў за квадратны метр агульнай плошчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?