Чэмпіён свету сярод прафесіяналаў расказвае, на якія ахвяры ідзе дзеля спорту, як пазбягае траўмаў і калі беларусы змогуць аб’яднацца ў адзін кулак.

Топавы беларускі баец муай-тай Андрэй «Куля» Кулебін нашмат больш вядомы ў Азіі, чым дома. Здараецца і такое, што за мяжой яму даводзіцца перамяшчацца пад канвоем. І хоць Андрэй гэтага ніколі не афішуе, цікавімся самым апошнім выпадкам.

— Аднойчы мы прыехалі у Ганконг на турнір, і нам арганізатары кажуць: «Засталося два дні да шоу, вы з гатэля нікуды не выходзьце. У нас разгулялася мафія. Раптам скрадуць вас — а тут турнір, плакаты па ўсім горадзе, рэклама паўсюль па тэлевізары». І, карацей, сядзелі ў гатэлі два дні. Выязджалі адтуль толькі разам з імі, усёй дэлегацыяй.

А ці здаралася калі-небудзь, каб за мяжой вас падставілі?

— Такое было толькі ў Расіі. Еду сабе спакойна на баі ў аўтобусе з Масквы ў іншы горад, думаю, дзе мой сапернік. А яго няма, там толькі два нейкія здаравякі. Тады я важыў 57 кг. А мне кажуць: «Дык ты вось з гэтым будзеш!» А ён становіцца на шалі пасля згонкі і важыць 64 кг — на некалькі катэгорый больш за мяне. Карацей, яго аштрафавалі, але бой адбыўся. Тады я перамог у першым раўндзе, быў неймаверна задаволены.

БІЯГРАФІЯ АНДРЭЯ КУЛЕБІНА

«Тусоўкі, клубы, алкаголь — нічога сабе не дазваляеш. Але мне гэта падабаецца» 

Андрэй Кулебін адным з першых пачаў біць тайскіх прафесіяналаў. У ягоным рэкордзе — некалькі накаўтаваных чэмпіёнаў легендарнага стадыёна Люмпіні. «Куля» неаднойчы браў пояс чэмпіёна свету ў самых прэстыжных версіях, неаднойчы атрымліваў кубкі найлепшага байца чэмпіянатаў свету сярод аматараў.

Яго тэхніка вылучаецца відовішчнасцю, баксіраваць ён гатовы з любым сапернікам на планеце і ніколі не халтурыць. Таму, відаць, Кулебін і зрабіўся сусветнай зоркай. Аднак такі спартовы лёс патрабуе значных ахвяраў.

Просім байца апісаць для чытачоў сваё жыццё.

— Улетку правёў семінар у Іспаніі. Вярнуўшыся ў Беларусь, адпачываў на пікніках, ездзіў на возера, добра высыпаўся, харчаваўся і гуляў у футбол. А потым пачаліся трэніроўкі, па дзве на дзень. У 8.30 раніцы гэта скакалка, гімнастыка, работа на снарадах, адточванне асобных тэхнічных дзеянняў. Потым займаўся з людзьмі ў якасці трэнера і вяртаўся дадому на абед. Двойчы на тыдзень да нас з дзяўчынай прыязджаў рэпетытар па ангельскай мове. А ўвечары я зноў ехаў на трэніроўку, дзе быў працяглы крос, агульнафізічная нагрузка, спарынгавая работа. У суботу праводзіў адну трэніроўку, адпачываў. У нядзелю гуляў у футбол. Па сутнасці, ты сабе нічога не дазваляеш, калі плануеш быць добра падрыхтаваным да баёў. Ніякіх тусовак, дзвіжухі, клубаў, алкаголю. Расслабіцца можна, толькі калі няма турніраў.

— І вам гэты лад жыцця падабаецца? Звычайна ў 30 імпэт у людзях згасае…

— Мне хочацца перамагаць на самых топавых турнірах. А гэта патрабуе шмат сілаў у жыцці і на трэніроўках. Да таго ж я стаў яшчэ больш дысцыплінаваным, зрабіў выключную стаўку на спорт. У гэтым годзе мне споўнілася 30. Я дзень нараджэння праз трэніроўкі не адзначаў увогуле. Але мне гэта падабаецца. Займацца любімай справай — гэта мара многіх людзей, але не ўсім гэта ўдаецца.

«Мы робім спецыяльную гімнастыку, якая абараняе ад траўмаў»

Нягледзячы на такі жыццёвы тэмп і бесперапынныя баі, ніколі не было інфармацыі пра тое, што Андрэй моцна траўмаваны.

— Канечне, бывалі шчыліны ў кісці, бывалі праблемы з рэбрамі, расцяжэнні…

— Гэта зразумела. Такое здараецца ў большасці людзей. Але ці траплялі вы, скажам, у бальніцу пасля баёў? Ці здараліся нейкія хірургічныя ўмяшальніцтвы?

— Не, такіх сур’ёзных траўмаў не было. У бальніцу трапляў толькі праз рассячэнні. Хоць у тым жа Тайландзе цябе з такім у шпіталь нават не вязуць. Каля рынгу кладуць на стол, зашываюць — і ідзі далей.

— Ваша прафесійная кар’ера цягнецца больш за 10 гадоў. Некаторыя баі ў добрым сэнсе слова нагадваюць рубку. І тое, што не было сур’ёзных траўмаў, здзіўляе…

— Гэта спецыфіка муай-тай. У некаторых відах спорту ёсць канцэнтрацыя на вузкай спецыялізацыі. У боксе, напрыклад, прыкладна 80% усіх удараў накіраваныя ў галаву. А мы б’ем рукамі і нагамі ва ўсё цела, ёсць клінч (элементы барацьбы ў стойцы — заўв. рэд.). Можа, і ад гэтага траўматычнасць меншая. Муай-тай падаецца жорсткім і траўматычным, але гэта не зусім так. Мы робім спецыяльную гімнастыку, якая накіраваная на ўзмацненне суставаў, мышачнага гарсэта. Гэта ўсё таксама абараняе спартсмена ад траўмаў.

— Ведаем, што вы футбольны заўзятар і самі гуляеце ў аматарскай лізе. Ці здараліся траўмы там?

— Расцягненне галенастопнага сустава. Там я падыходжу да гульні больш тэхнічна і тактычна. Часам футбалісты ў запале барацьбы ідуць косць у косць, бо за гэта атрымліваюць грошы. Здараецца, і я гуляю па поўнай, калі няма байцоўскіх турніраў. У такія часы я разумею, што футбол ад нагрузак на суставы і калені можа быць для мяне больш траўматычным за муай-тай.

Вера ў беларускіх дзяцей

Баі Андрэя Кулебіна, якія адбываліся ў Беларусі, можна пералічыць на пальцах. Але баец сцвярджае, што ў хатніх сценах псіхалагічнага ціску на сябе не адчувае.

— Канечне, ёсць адказнасць. Свае людзі прыйшлі, пажадана паказаць максімум. Але падтрымка — гэта тое, што мае вагу. Калі б’ешся дзесьці ў Азіі, ты змагаешся і з сапернікам, і з публікай. Гэта няпросты псіхалагічны момант. Таму дома мне выступаць падабаецца.

— Тым не менш нашай публіцы, якая прыходзіць на турніры, часам выказваюць прэтэнзіі. Напрыклад, нядаўна футбольны «Шахцёр-Салігорск» на роўных гуляў з нідэрландскім ПСВ. Але дома на апошніх хвілінах прапусцілі. Многія людзі паўскоквалі з крэслаў і, як здраднікі, пайшлі са стадыёна.

— Гэта культура людзей такая, такое выхаванне. Людзі звычайна настройваюцца на негатыў і чакаюць: «Ай, нашы слабыя!» Плюс той момант, што праз зайздрасць некаторыя не хочуць, каб нехта стаў лепшы за іх. Людзі, якія на матчы «Шахцёра» падняліся і пайшлі прэч… іх ужо не змяніць. Мяняць трэба дзяцей, якія прыходзяць у залы, у школы. Вось з імі мы здольныя стварыць тое, што дасць сілы ўсёй краіне. Ну што ты возьмеш са старога мужыка, якому ўсё кепска і жыццё кепскае?

— То бок вы верыце, што магчыма змяніць наша грамадства да лепшага, пачынаючы з выхавання дзяцей?

— Так, каб яны бачылі: я здольны, ад мяне многае залежыць. Мяне абурае, калі свае ж не падтрымліваюць сваіх. Ну як так? Сёння ты падтрымаеш — заўтра дапамогуць табе. Вось у Англіі ФК «Ньюкасл» прайграе 4:1 ці 5:1. А заўзятары пасля матча песні спяваюць, і са стадыёна ніхто не сыходзіць. Безумоўна, некаторыя спартсмены сябе часам паводзяць так, што іх не хочацца падтрымліваць. Гэта славянская тэма: не паспеў нешта зрабіць — ужо зорка ў лоб, карона на галаву, нікога не бачыш і пайшоў. А потым кажуць, што ў людзей патрыятызму няма. Дык, можа, паглядзець з усіх бакоў на гэты дыямент? Таму павінныя быць ветлівасць, культурнасць, каб людзі бачылі: ты такі ж чалавек, як яны. І вы — усе разам.

З часам, спадзяюся, мы да гэтага прыйдзем.

P.S. 13 верасня Андрэй Кулебін выступіць у Мінску на турніры Top King World Series (пройдзе ў Белдзяржцырку, пачатак у 19.00). Ёсць верагоднасць, што «Куля» сустрэнецца з самым папулярным байцом свету, тайцам Буакавам. Нагадаем, што ў межах гэтага ж байцоўскага шоу выступіць герой «Байцоўскага гену» Дзмітрый Валент

Фота – Аляксандр Tarantino Ждановіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?