Міліцыя распачала крымінальную справу па факце знікнення ў Быхаве грамадскага актывіста Аляксандра Шачанка. 

Нагадаем, апошні раз Шачанка бачылі 27 жніўня ў раённым судзе ў Быхаве, дзе праходзіў разгляд іску актывіста ў дачыненні да суседа, які яго збіў і абвінавачваецца ў нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Пасля падачы заявы аб знікненні Шачанка Быхаўскім РАУС праводзіліся праверачныя мерапрыемствы па ўстанаўленні яго месцазнаходжання. 

Згодна з інструкцыяй аб парадку разгляду заяў, паведамленняў, іншай інфармацыі аб знікненні асоб і арганізацыі іх вышуку, калі на працягу 10 сутак з моманту паступлення заявы ўстанавіць месцазнаходжанне без вестак зніклага не ўявілася магчымым, дакументы перадаюцца спецыялізаванаму падраздзяленню дазнання органа ўнутраных спраў для распачынання крымінальнай справы. 

Інфармацыю аб распачынанні крымінальнай справы пацвердзілі ў аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Магілёўскага аблвыканкама, дадаўшы, што «сёння-заўтра» паведамленне аб вышуку Аляксандра Шачанка з'явіцца на сайце УУС у спецыяльнай рубрыцы. 

Шачанок вёў актыўную грамадскую дзейнасць. Неаднаразова звяртаўся са скаргамі ў праваахоўныя органы наконт неправамерных, на яго думку, дзеянняў асобных супрацоўнікаў Быхаўскага РАУС. Падчас выбараў у мясцовыя органы ўлады ў сакавіку ўваходзіў у ініцыятыўную групу кандыдата ў дэпутаты ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Леаніда Падбярэцкага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?