Янка Запруднік

Мітрапаліт Філарэт, кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы, узнагародзіў медалём св. Кірылы Тураўскага вядомага беларускага эмігранта Янку Запрудніка.

Пра гэта Еўрарадыё паведаміў прэс‑сакратар Уладыкі Філарэта Андрэй Петрашкевіч:

«14 кастрычніка гэты спадар быў узнагароджаны медалём свяціцеля Кірылы Тураўскага за садзейнічанне ў будаўніцтве храма святой прападобнай Еўфрасінні Полацкай у гарадскім пасёлку Івянец… Такія царкоўныя ўзнагароды дае мітрапаліт».

Адзначым, што 81‑гадовы Янка Запруднік з’яўляецца сябрам прэзідыўму Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Ён — вядомы беларускі навуковец, аўтар некалькіх кніг па гісторыі Беларусі.

Медалямі св. Кірылы Тураўскага звычайна ўзнагароджваюцца святары, грамадскія і дзяржаўныя дзеячы.

Эўрарадыё

***

Янка Запруднік пра атрыманьне мэдалю Кірылы Тураўскага: «Стаўленьне да беларускай улады ў мяне не зьмянілася»

«Палітыка дзяржавы павінна спрыяць замацаванню і пашырэнню беларускай мовы. Я бы падзякаваў Уладыку Філарету за такое спрыянне, можа не вельмі інтэнсіўнае, але ён мае аргументы ў сваё апраўданне. Галоўнае, што святое Евангелле перакладзена на беларускую мову, што выходзяць, хоць і невялікім тыражом, беларускія календары», — заявіў у інтэрв’ю з нагоды ўзнагароджання медалём Кірылы Тураўскага Янка Запруднік.

Сп. Запруднік кажа, што атрыманне ўзнагароды ад мітрапаліта Філарэта было для яго поўнай нечаканасцю. Запруднік разам з жонкай Надзеяй дапамагае царкоўнаму будаўніцтву ў Беларусі. Сям’я эмігранта, які пакінуў Беларусь яшчэ ўлетку 1944 года, спрыяла будаўніцтву царквы святой Еўфрасінні Полацкай у Івянцы, царкве ў вёсцы Запясочча, выхаду «Беларускага календара», які выдаецца пры Петрапаўлаўскай царкве.

Медаль і падзяку Янка Запруднік атрымаў поштай, ніхто з афіцыйных прадстаўнікоў Беларускай праваслаўнай царквы з ім не звязваўся. З мітрапалітам Філарэтам у Беларусі Янка Запруднік пакуль не можа сустрэцца — ад’ехаць у Беларусь не дазваляюць абставіны. Праз Рацыю ён перадаў Уладыку падзяку і выказаў спадзеў, што ідэя святога Кірылы Тураўскага — служэнне роднай зямлі — будзе ўвасабляцца ў канкрэтныя дзеянні Беларускай Праваслаўнай царквы, у якой вельмі памалу, на меркаванне дзеяча, але адбываецца ўваходжанне ва ўжытак беларускай мовы.

Пры гэтым Янка Запруднік, які ўваходзіць у прэзідыум Рады БНР, сказаў, што стаўленне да беларускай улады ў яго не змянілася.

«Палітычныя разыходжанні ў мяне заўсёды былі і застаюцца, бо палітыка супраць беларускай культуры працягвае праводзіцца вельмі актыўна. І нам, беларускім патрыётам, гэта баліць», — зазначыў ён.

Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0