Санкцыі могуць зрабіць на расійскую эканоміку глыбейшае ўздзеянне, чым меркавалася раней, піша агенцтва фінансавых навін Bloomberg.

«Са словаў трох амэрыканскіх чыноўнікаў (яны пажадалі застацца ананімнымі, бо аб гэтых захадах не абвешчана публічна), новыя санкцыі дзеля Украіны забароняць супрацоўніцтва з ЗША і ЕС пры пошуках нафты ў расейскай Арктыцы, у глыбакаводных раёнах і сланцавых пакладах. Калі гэтыя санкцыі будуць уведзеныя ў сілу, яны закрануць кампаніі ад Даласа да Лондана, у тым ліку Exxon Mobil Corp. і BP Plc.», — гаворыцца ў артыкуле.

Амерыканскія чыноўнікі заявілі: як толькі ЕС увядзе ў сілу новую забарону на перадачу Расеі энэргетычных тэхналогій і паслуг, ЗША зробяць аналагічна і ўвядуць такі самы пакет санкцый, у тым ліку забарону на экспарт амэрыканскага абсталявання і тэхналогій, якія патрэбныя для спецыялізаванай геолагавыведкі. Са слоў чыноўнікаў, расейцы не маюць абсталявання для самастойнага правядзення такой геолагавыведкі.

«Са словаў двух еўрапейскіх чыноўнікаў, якія таксама выказаліся на ўмовах ананімнасці, 8 верасня ўрады ЕЗ дамовіліся пра гэтыя санкцыі, звязаныя з нафтай, у рамках больш шырокага пакета захадаў, якія закліканыя забрытаць фінансавую, абаронную і энэргетычную індустрыі Расеі. Цяпер чакаецца пастанова аб ацэнцы спынення агню, абвешчанага ва Украіне», — гаворыцца ў артыкуле.

Паводле звестак выдання, дадатковыя санкцыі не перашкодзяць свідраванню традыцыйных наземных свідравін і свідравін на плыткаводдзі ва ўнутраных морах, а таксама здабычы нафты на такіх свідравінах. «Санкцыі накіраваныя на балансавыя запасы, якія патэнцыйна пачнуць пастаўляць нафту на сусветныя рынкі толькі праз 5—10 гадоў», — тлумачаць аўтары.

«Калі праўда, што новыя санкцыі забароняць тэхналогіі і паслугі для выведкі ў Арктыцы, глыбакаводных раёнах і сланцавых пакладах, гэта будзе вельмі сур'ёзна», — пракамэнтаваў Джэйсан Бордаф, у мінулым дарадца Абамы ў энэргетыцы. «Гэта значна абмяжуе магчымасці Расеі ў здабычы нафты ў будучыні. Праўда, важна адзначыць: каб такія санкцыі былі дзейсныя, спатрэбіцца шчыльнае супрацоўніцтва Еўропы і ЗША», — дадаў ён.

ЗША не маюць намеру зрабіць выняткі для ўжо падпісаных кантрактаў, але амерыканскія чыноўнікі не ўпэўненыя, ці праявіць ЕС такую ж паслядоўнасць.

Санкцыі забароняць амэрыканскім і еўрапейскім кампаніям прывозіць у Расею спецыялістаў і брыгады свідроўшчыкаў, адзначылі чыноўнікі. 

Забарона ліквідуе шчыліны ў папярэдніх пакетах санкцый. «Праз гэтыя шчыліны група з Seadrill Ltd. (SDRL), зарэгістраваная на Бермудах, у канцы ліпеня прывяла ў расейскія воды плывучую свідравальную платформу West Alpha на даручэнне Exxon Mobil і «Роснефті», — піша газэта.

Прыбыццё свідравальнай платформы і падпісанне шасці новых кантрактаў Seadrill з «Роснефтью» 29 ліпеня раз'юшыла афіцыйных асоб ЗША і ЕС. «З іхных слоў, гэтыя крокі ішлі насуперак мэтам эканамічных абмежаванняў — замарожванню расейскай геолагавыведкі ў Арктыцы», — гаворыцца ў артыкуле.

Магчыма, пад пытаннем аказаліся некаторыя з самых дарагіх і складаных свідравін, у тым ліку свідравіна коштам 700 млн даляраў, якую Exxon і «Роснефть» пачалі свідраваць у жніўні ў Карскім моры.

Для амерыканскай Exxon дзейнасць у Расеі — гэта самыя вялікія пэрспэктывы на здабычу за межамі ЗША. Кіраўнік Exxon Рэкс Тылерсан у маі выказваў сумненні, што санкцыі ў дачыненні да Расеі будуць дзейсныя. У чэрвені ён з'явіўся на сцэне на Сусветным нафтавым кангрэсе ў Маскве ў пары з кіраўніком «Роснефті» Ігарам Сечыным, які трапіў у санкцыйны спіс ЗША.

На думку выдання, уразлівая таксама нідэрландская Royal Dutch Shell, якая інвестуе ў аднаўленне і павелічэнне аб'ёмаў здабычы нафты ў Расеі на старых радовішчах, а таксама ў выведку «некаторых з велізарных, некранутых пакладаў сланцавай нафты».

Брытанская BP валодае 19,75% акцый «Роснефті». «Гэта найбуйнейшая прамая замежная інвестыцыя ў Расею», — паведамляе Bloomberg.

У Расеі таксама ёсць кантракты з такімі вядомымі еўрапейскімі кампаніямі, як французская Total і нарвежская Statoil.

На расейскія свідравіны прыпадаюць амаль 10% нафты, якая здабываецца Total ва ўсім свеце.

У жніўні кіраўнік Statoil Хэльге Лунд заявіў, што існыя санкцыі адтэрмінуюць некаторыя супольныя праекты з «Роснефтью».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0