Абмеркаванне пытання аб статусе раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей працягваецца, пэўнасць па дасягненні кампрамісу можа з'явіцца на наступным тыдні.
Пра гэта сказаў старшыня Данецкай абласной дзяржаўнай адміністрацыі (АДА) Сяргей Тарута.
«У найбліжэйшы тыдзень будзе зразумела, якіх кампрамісаў неабходна дасягнуць», — сказаў ён журналістам у кулуарах 11-й штогадовай сустрэчы Ялцінскай еўрапейскай стратэгіі (YES) у Кіеве ў чацвер.
Ён адзначыў, што «чырвонай рысай», за якую пераходзіць у гэтых перамовах нельга, ёсць тэрытарыяльная цэласнасць краіны.
На думку старшыні Данецкай АДА, гаворка павінна ісці аб большай фінансавай і кіраўніцкай аўтаномнасці раёнаў, а таксама аб выбарах тых людзей, хто гэтыя раёны прадстаўляе.
Тарута ўдакладніў, што зараз рэалізацыя дамоўленасцяў паміж супрацьлеглымі бакамі пакуль тычыцца толькі пытанняў вызвалення закладнікаў, гуманітарнай дапамогі і забеспячэння калідораў для аднаўлення інжынерных сетак і транспартных зносін.
Старшыня Данецкай АДА выказаў надзею, што ўжо сёння-заўтра колькасць прадстаўнікоў АБСЕ ў вобласці павялічыцца з мэтай выканання мінскіх дамоўленасцяў.
У пратаколе па выніках кансультацый трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны, падпісаным у Мінску 5 верасня, адзначаецца неабходнасць дэцэнтралізацыі ўлады ў Данбасе, у прыватнасці шляхам прыняцця закона Украіны «Аб часовым парадку мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей» (закон аб асаблівым статусе).