Правядзенне запланаванага на 13 верасня чарговага XVI з'езда Партыі БНФ перанесена на месяц у сувязі са складанасцямі з арэндай памяшкання, паведаміла прэс-служба арганізацыі.

Кіраўніцтва партыі звязвае перашкоды ў правядзенні з'езда «з атмасферай страху, што пануе ў грамадстве, і з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў», адзначаецца ў паведамленні. 

Партыя БНФ атрымала адмовы з боку ўладальнікаў больш чым 50 канферэнц-залаў і палацаў культуры. Некаторыя адмаўлялі адразу, спасылаючыся на занятасць або наўпрост — на нежаданне мець праблемы з-за давання памяшкання апазіцыйнай партыі. Аднак большасць уладальнікаў памяшканняў адказвалі: зала пакуль свабодная, але яны павінны ўзгадніць сваё рашэнне з кіраўніцтвам. Вынік такіх узгадненняў заўсёды быў адмоўны, паведамляе прэс-служба партыі.

Пошук пагаднення з уладальнікамі памяшканняў быў абцяжараны тым, што некаторыя патрабавалі «дазвол Мінгарвыканкама на правядзенне з'езда», што не прадугледжана заканадаўствам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?