У Магілёве 15 вучняў сярэдняй школы № 33 падпісаліся пад лістом да сына беларускага кіраўніка Мікалая Лукашэнкі з просьбай дапамагчы ў добраўпарадкаванні прышкольнай тэрыторыі.

«Паважаны Мікалай Лукашэнка, мы, школьнікі СШ № 33, просім вас як уплывовага школьніка і будучага прэзідэнта абавязаць магілёўскіх кіраўнікоў выканаць свае абавязкі ў забеспячэнні дзіцячай бяспекі пры наведванні школы і карыстанні спортпляцоўкамі», — гаворыцца ў лісце школьнікаў. 

Як паведаміў ініцыятар збору подпісаў сярод вучняў грамадскі актывіст Аляксей Паўлоўскі, звярнуцца да сына Лукашэнкі прымусіла абыякавае стаўленне магілёўскіх чыноўнікаў, адказных за бяспеку дзяцей на тэрыторыі школы. 

У сваім лісце да Мікалая Лукашэнкі вучні просяць, каб магілёўскія чыноўнікі забяспечылі асфальтаванне ўваходу на тэрыторыю школы, «бо там з бетону тырчыць друз і каля ўваходу ўтвараюцца лужыны», а таксама прысыпку жвірам месцаў устаноўкі лавак на школьным стадыёне і рамонт агароджы спортпляцоўкі ў мікрараёне «Тэхнапрыбор». 

Раней, 9 верасня, адказ на падобную просьбу адносна асфальтавання ўваходу на тэрыторыю школы з боку завода «Электрарухавік» і падсыпкі жвірам месцаў устаноўкі лавак на стадыёне ўстановы Паўлоўскаму даваў кіраўнік Ленінскага раёна Лаўрыновіч. 

«На гэтыя віды работ бюджэтам горада фінансаванне не прадугледжана. Сіламі ўстановы адукацыі ўказаныя работы правесці немагчыма з прычыны вялікіх матэрыяльных затрат. Аддзелам адукацыі, спорту і турызму гэтыя віды работ уключаны ў план бягучага і капітальнага рамонту на 2015 год і будуць выкананы пры ўмове фінансавання», — паведамляе чыноўнік. 

Паводле слоў Паўлоўскага, збор подпісаў вучняў ажыццяўляў толькі са згоды прысутных побач бацькоў школьнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?