Дзяржстандарт спыніў рэалізацыю небяспечных дзіцячых арэляў кітайскай вытворчасці, паведамілі ў камітэце. 

Прадукцыя, якая не адпавядае патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў, выяўлена Гомельскай абласной інспекцыяй Дзяржстандарта пры праверцы ПГУП «КітанЭкспа» — аптовай арганізацыі, якая імпартуе ў краіны Мытнага саюза тавары для дзяцей і падлеткаў, цацкі. 

Падчас праверкі было ўстаноўлена, што партыя арэляў Butterfly кітайскай вытворчасці не адпавядала патрабаванням па бяспецы, устаноўленым у тэхнічным рэгламенце МС «Аб бяспецы цацак» (ТР МС 008/2011) і ўзаемазвязаным з ім дзяржаўным стандарце СТБ ЕН 71-8-2006 «Цацкі. Патрабаванні бяспекі. Частка 8. Арэлі, горкі і аналагічныя цацкі для актыўнага адпачынку ў памяшканні і на адкрытым паветры». 

У прыватнасці, канструктыўнае выкананне гарызантальнай перакладзіны, якая сцягвае апорныя рамы ў арэлях, стварала рызыку траўміравання дзяцей. Шарнірнае злучэнне на гэтай перакладзіне не забяспечвала жорсткую фіксацыю, што нават пры нязначным намаганні спрыяла ўтварэнню шчылін, у якія маглі трапіць і зашчаміцца пальцы дзіцяці. 

Нягледзячы на дэфекты ў канструкцыі, расійскі орган па сертыфікацыі ТАА «Альсена» (Масква) выдаў сертыфікат адпаведнасці беларускаму імпарцёру, пры гэтым пратакол выпрабаванняў прадстаўлены не быў. 

Для ацэнкі дзейнасці расійскага органа па сертыфікацыі афіцыйная інфармацыя аб выніках праверкі будзе накіравана ў Федэральную службу па акрэдытацыі «Росакрэдытацыя». Падчас праверкі факт рэалізацыі арэляў у рознічнай гандлёвай сетцы на тэрыторыі Беларусі не ўстаноўлены. ПГУП «КітанЭкспа» выдадзена прадпісанне аб забароне рэалізацыі ўказанай прадукцыі на суму больш як 20 млн. рублёў. 

Усяго ў студзені—жніўні 2014 года, паводле інфармацыі Дзяржстандарта, пры рэалізацыі ў гандлёвых арганізацыях было праверана больш як 5.800 найменняў цацак. Парушэнні ўстаноўленыя ў 64,2% выпадкаў. Правераныя кубікі, лялькі, арэлі, самакаты, розныя гульні і наборы, музычныя, драўляныя і іншыя цацкі часцей за ўсё не адпавядалі патрабаванням па бяспецы, маркіроўцы, мелі вострыя беражкі, сколы, завусеніцы, рэалізоўваліся без сертыфікатаў адпаведнасці. Па выніках наглядных мерапрыемстваў была забаронена рэалізацыя цацак больш чым на 580 млн. рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?