Да канца 2015 года ў Мінску будуць уведзены ў эксплуатацыю 9 новых басейнаў — па адным у кожным раёне горада.

Пра гэта паведаміў сёння прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч на цырымоніі адкрыцця Фрунзенскага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра.

«Па Мінску мы дамовіліся, што да канца наступнага года ўвядзем 9 басейнаў. Гэта ў дадатак да тых, што ўжо ёсць. Гэта неабходна для таго, каб там маглі займацца не толькі дзеці, але і дарослыя», — сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Урад надае павышаную ўвагу працы з насельніцтвам па месцы жыхарства ў частцы аказання фізкультурных паслуг. Адзін з кірункаў — будаўніцтва школ, у якіх басейн функцыянуе як адасоблены будынак. «Такія праекты ёсць у Гродне, Мінску. Днём падчас навучальнага працэсу там хлопцы займаюцца, а рана раніцай і позна ўвечары басейн працуе аўтаномна на адпаведны мікрараён. Гэта значыць могуць і сем'і карыстацца басейнам, саунай і іншымі паслугамі», — растлумачыў кіраўнік урада.

Што тычыцца фінансавання будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчых аб'ектаў, то мяркуецца прыцягваць сродкі мясцовых бюджэтаў. «Па Мінску мы дамовіліся, што горад забяспечвае ўвод усіх неабходных інжынерных камунікацый, уключаючы пад'езды, а сам будынак будзе будавацца з прыцягненнем пазабюджэтнага фінансавання», — адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

Акрамя таго, прэм'ер-міністр прапанаваў разгледзець магчымасці кааператыўнага ўдзелу насельніцтва ў будаўніцтве такіх аб'ектаў. «Людзі маглі б удзельнічаць сваімі сродкамі і за гэта атрымліваць на працягу многіх гадоў дастаткова прыстойную зніжку на карыстанне адпаведнымі паслугамі ў залежнасці ад унёску кожнага чалавека. Напрыклад, на 50% танней. Такім чынам, людзі будуць адчуваць і сваю датычнасць да гэтага, і стаўленне будзе адмысловае, і, безумоўна, гэта будзе дапамога па фінансаванні», — канстатаваў Міхаіл Мясніковіч.

Новы фізкультурна-аздараўленчы цэнтр знаходзіцца на вуліцы Якубоўскага, 52б і займае будынак агульнай плошчай 13 тыс. кв.м. На першым паверсе комплексу размясціліся трэнажорныя залы, шматфункцыянальная спартыўная зала, зала для заняткаў кікбоксінгам, рынг. Для аматараў лазневага адпачынку працуюць пяць саунаў з купелямі, у тым ліку інфрачырвоная. На другім паверсе — 25-метровы басейн глыбінёй ад 1,2 м да 1,7 м на чатыры дарожкі, два масажныя кабінеты, касметалагічны цэнтр, СПА-капсула, зала аэробікі і спартыўная зала гульнявых відаў спорту, тэнісныя сталы. На трэцім паверсе ФАЦа знаходзяцца залы для заняткаў мастацкай гімнастыкай, спартыўнымі танцамі, шэйпінгам, пілатэсам, зала лячэбнай фізкультуры, кабінет доктара, памяшканні для заняткаў інвалідаў па зроку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?