Перамовы з РФ па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны павінны адбывацца пры ўдзеле Украіны, РФ і прадстаўнікоў ЗША і ЕС.

Пра гэта на канферэнцыі YES, якая праходзіць у Кіеве, заявіў прэм'ер-міністр Украіны Арсень Яцанюк.

Кажучы пра дамоўленасці з РФ аб перамір'і і ўрэгуляванне на ўсходзе Украіны, Яцанюк адзначыў:

«Двухбаковыя дамоўленасці і перамовы з РФ — не лепшая ідэя».

«Я за «жэнеўскі фармат» з удзелам ЕС, ЗША і РФ. Мы не такія моцныя, каб весці перамовы на двухбаковай аснове. Расейцы нас проста перагульваюць, яны гэтага хочуць. Пуцін хоча, каб з'явіўся яшчэ адзін замарожаны канфлікт», — адзначыў Яцанюк.

Разам з тым на пытанне, ці магчыма, што Яцанюк з Парашэнкам няправільна ацанілі сітуацыю падчас ваеннага канфлікту і паверылі, што сілы Украіны змогуць супрацьстаяць прарасейскім сілам, Яцанюк адзначыў:

«Мне выразна зразумела, якая канчатковая мэта Пуціна — ён імкнецца не проста ўзяць Данецк і Луганск, ён імкнецца ўзяць усю Украіну, ён хоча аднавіць Савецкі Саюз».

«Ён хоча захапіць Данецк і Луганск, а адтуль — зрабіць калідор у Адэсу, Херсон і Прыднястроўе», — дадаў ён.

Пры гэтым Яцанюк заявіў, што НАТА з'яўляецца адзінай магчымасцю абараніць Украіну, аднак ён лічыць, што Украіна ў кароткатэрміновай перспектыве не стане сябрам НАТА.

«У кароткатэрміновай перспектыве НАТА не гатова прыняць Украіну», — адзначыў прэм'ер.

Па словах Яцанюка, перад Украінай некалькі ключавых выклікаў, першы з якіх — вайна.

«Расія вядзе вайну з Украінай не толькі ваеннымі сродкамі, але і сацыяльнымі, эканамічнымі і палітычнымі. Другі выклік — энергетычная галіна… Мая ацэнка такая — велізарныя выклікі, вялікія праблемы, але і вялікія магчымасці. Наш абавязак — забяспечыць змены ў краіне», — адзначыў Яцанюк.

Таксама ён адзначыў, што Украіна зможа прыцягваць інвестараў, калі «спыніць вайну з РФ».

«Калі мы спынім вайну, спынім Расію, у нас будзе шанец прыцягнуць міжнародных інвестараў. Няпроста гэта рабіць, калі ў вашай краіне — расійскія танкі і артылерыя», — дадаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?