Грыбнікі прыносяць пераважна вялікія белыя грыбы. Маладых лезе ўсё менш.

Але пачаліся зялёнкі — каштоўныя восеньскія грыбы. Зялёнкі, ці зеляніцы, марынуюць. Яны надаюцца таксама на супы і жаранку. Іх таксама сёлета унікальна шмат. Увогуле, год надзвычай ураджайны на грыбы.

«Мальцы!!! Сёння паехаў нібыта за баравікамі! Ну, знайшоў пару, дзясятак падасінавікаў… Як напаў на зялёнкі!!!! Мама родная!!! Збіраў некалі зялёнкі, па 5, 10, ну 15 штук… Бачыў! Але, каб столькі! Хоць трымер з сабой бяры! Кошык, у які лезе 2,5 вядра — поўны! Ледзьве дапёр да машыны! Я думаю, што сёння, за мае 59 гадоў, я сабраў столькі, што пераважыць тое, што сабранае мною за ўсё жыццё шматкроць!» — напісаў нам наш чытач Уладзімір Скрабатун з Глыбокага.

Замарынаваць зялёнкі можна такім чынам:

    Зялёнкі, соль, воцат, па 2 зярняты гваздзіку, чорнага перцу гарошкам, духмянага перцу, па 1 лаўровым лісце на кожны літровы слоік грыбоў.

Зялёнкі заліць на 3–4 гадзіны моцна салёнай халоднай вадой для аддзялення пяску, добра памыць у некалькіх водах, давесці да кіпення. Першую ваду зліць, зноў заліць халоднай вадой і варыць прыкладна 40 хвілін. Грыбы гатовыя, калі апусцяцца на дно. Пасаліць так, каб адвар быў моцна салёны (звычайна грыбы соляцца з разліку 1 сталовая лыжка буйной солі на 1 л адвараных грыбоў).

Прастэрылізаваць слоікі над парай. Слоік трэба трымаць над парай столькі, каб ён спачатку запацеў, а потым высах. Лепш выкарыстоўваць літровыя слоікі. Прастэрылізаваць крышкі, пракіпяціўшы іх.

На дно кожнага слоіка пакласці прыправы, уліць 1 сталовую лыжку воцату, запоўніць слоікі гарачымі грыбамі і закатаць. Захоўваць банкі ў прахалодным месцы.

Кансерваванне грыбоў на зіму — складаная задача. Калі недаліць воцату, ёсць небяспека развіцця ў слоіку смяротнага батулізму, які развіваецца без доступу кіслароду ў кансерваваных прадуктах. Калі пераліць, грыбы трацяць смак. Лепей ужываць марынаваныя грыбы свежымі, без закаткі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?