Партыя «Народны фронт», якую згуртавалі прэм'ер-міністр краіны Арсень Яцанюк і старшыня Вярхоўнай Рады Аляксандр Турчынаў, назвала сваіх кандыдатаў на выбарах у Вярхоўную Раду

Як паведамляе карэспандэнт «Украінскай праўды», узначаліў спіс лідар партыі Арсень Яцанюк.

У спіс таксама ўвайшлі дарадца міністра ўнутраных спраў Таццяна Чарнавіл, муж якой загінуў пад Данецкам, а таксама экс-сакратар РНБА Андрэй Парубій. Побач з імі стаяць прозвішчы Андрэя Цецерука — камбата спецбатальёна «Міратворац», міністра унутраных справаў Арсена Авакава, камбата Юрыя Бярозы (батальён «Дняпро-1»). Ідуць ад Народнага Фронту таксама Міхаіл Боднар з батальёна імя Кульчыцкага, Ігар Лапін з батальёна «Айдар». У спіс увайшлі і гісторык Уладзімір В'ятровіч, спартовец Васіль Вырасцюк.

Ад партыі ідуць таксама міністр юстыцыі Павел Пятрэнка і экс-кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Сяргей Пашынскі, міністр сацыяльнай палітыкі Людміла Дзянісава, экс-міністр фінансаў Украіны Віктар Пінзэнік і мультымільянер, прэзідэнт групы кампаній «Арлан-Транс» Яўген Чырвоненка.

 А казак — герой Еўрамайдану — Міхаіл Гаўрылюк прысутнічае не толькі ў спісе, але і кандыдатам па мажырытарнай акрузе.

Сацыёлагі мяркуюць, што Народны Фронт можа заняць другое месца на выбарах пасля Блока Пятра Парашэнкі. У параўнанні з партыяй прэзідэнта партыя Яцанюка займае больш радыкальныя пазіцыі як у пытаннях эканамічных рэформаў, так і ў стаўленні да Расіі. Асабістая папулярнасць Пятра Парашэнкі мае гарантаваць перамогу і ягонаму выбарчаму спісу.

У першую дзясятку Блока Пятра Парашэнкі ўвойдуць мэр Кіева баксёр Клічко, былы міністр унутраных спраў, а пасля палітвязень Юрый Луцэнка, доктарка Вольга Багамолец, віцэ-прэм'ер Уладзімір Гройсман і лідар крымскіх татараў Мустафа Джэмілеў. Акрамя таго, ў версе спіса прысутнічаюць вайсковец Юлій Мамчур, які па-геройску павёў сябе ў часе анексіі Крыма, і пісьменніца з Львова Марыя Маціос.

Сенсацыяй стала прысутнасць у спісе Парашэнкі вядучых украінскіх незалежных журналістаў Мустафы Наема і Сяргея Лешчанкі, які праславіліся расследаваннямі карупцыі ў вярхах. У прэзідэнцкі спіс увайшлі таксама заснавальніца руху за празрыстасць выбараў «Чэсна» і старшыня Камітэта выбарцаў Украіны.

Але па мажарытарных акругах ад Блоку пойдуць і шматлікія мільянеры, і нямала асобаў з «былога рэжыму».

Добрыя шанцы трапіць у парламент мае таксама Радыкальная партыя на чале з Алегам Ляшко. У рэйтынгам заўважная таксама «Самапомач», створаная саюзам грамадзянскіх актывістаў з дапамогай мэра Львова Андрэя Садовага.

«Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі і «Грамадзянская сіла» былога міністра абароны Грыцэнкі трымаюцца за кошт папулярнасці сваіх кіраўнікоў. Увогуле, выбарцы Украіны схільныя галасаваць за асобаў, а не за ідэалогію.

Частка былой Партыі рэгіёнаў пойдзе на выбары пад лэйблам «Апазіцыйны блок». Сама ўласна Партыя рэгіёнаў на выбары не пойдзе. А яшчэ ж 9 месяцаў назад кіравала ва ўсю…

Парламенцкія выбары ва Украіне адбудуцца 26 кастрычніка. Пасля іх палітычны краявід у краіне цалкам зменіцца. Камуністы, што ўваходзілі ва ўрадавую кааліцыю, будуць змагацца за прахадны за бар'ер. Распалася і асноўная апазіцыйная «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі. Менавіта ў яе ўваходзілі раней Яцанюк і Турчынаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?