Прадстаўнік Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч прыбыла ў Беларусь з двухдзённым афіцыйным візітам.
Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе АБСЕ, Дуня Міятавіч сустрэнецца з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем і міністрам інфармацыі Ліліяй Ананіч. Падчас перамоў прадстаўнік АБСЕ мае намер абмеркаваць сітуацыю са свабоднай СМІ ў Беларусі.
Міятавіч таксама возьме ўдзел у аднадзённым семінары па ўзаемадзеянні органаў правапарадку і СМІ ў Беларусі, якія арганізуюць офіс прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ і беларускае Міністэрства замежных спраў.
Апрача афіцыйных мерапрыемстваў запланаваныя сустрэчы Дуні Міятавіч з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і мас-медыя.
Міятавіч неаднаразова выступала з крытыкай беларускіх улад наконт умоў працы журналістаў у краіне.
Апошняя яе заява, зробленая ў чэрвені гэтага года, была аб павелічэнні колькасці штрафаў, што накладаюцца на беларускіх журналістаў у апошнія месяцы за працу без акрэдытацыі.
Беларусь па-ранейшаму лічыцца краінай з неспрыяльным рэжымам для працы СМІ.
Так, у апошнім дакладзе міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Індэкс цэнзуры» (штаб-кватэра ў Лондане), які быў прадстаўлены ў Мінску ў лютым гэтага года, гаворыцца: Беларусь застаецца краінай з адным з найбольш рэпрэсіўных медыяландшафтаў у Еўропе. А ў рэйтынгу свабоды СМІ краін Усходняга партнёрства (Арменія, Азербайджан, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна), складзенага сёлета ў межах праграмы ЕС, Беларусь займае апошняе месца.