Беларусы змогуць ездзіць у Ізраіль без візаў ужо ў канцы снежня 2014 года.

Пра гэта паведаміў сёння журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал.

Дыпламат падкрэсліў, што 19 верасня чакаецца падпісанне ў Мінску дакумента пра беларуска-ізраільскі бязвізавы рэжым. З беларускага боку яго падпіша міністр замежных спраў Уладзімір Макей, з ізраільскай — міністр абсорбцыі і сустаршыня беларуска-ізраільскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве Софа Ландвер. Бязвізавы рэжым паміж Беларуссю і Ізраілем уступіць у сілу праз 90 дзён з дня падпісання дакумента.

«Мяркую, што адмена візавага рэжыму прыйдзецца дзесьці на 19 снежня, плюс-мінус адзін-два дні. Гэта значыць на Каляды беларусы змогуць паехаць у Ізраіль без віз», — сказаў Іосіф Шагал.

Пагадненне прадугледжвае, што беларусы змогуць свабодна ўязджаць у Ізраіль, а ізраільцяне — у Беларусь і знаходзіцца ў іншай краіне 180 дзён у годзе.

Пры гэтым пасол удакладніў, што новаўвядзенні тычацца толькі уладальнікаў грамадзянскіх пашпартоў, але не дыпламатычных і службовых.

Паводле слоў пасла, у мінулым годзе было выдадзена 13 тыс. ізраільскіх віз для грамадзян Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?