Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка прапануе на тры гады ўвесці асаблівы парадак самакіравання ў Данецкай і Луганскай абласцях.

Адпаведны законапраект дэпутаты ВР атрымалі ў панядзелак.

Згодна з законам, дзяржава гарантуе «недапушчэнне крымінальнага пераследу, прыцягнення да крымінальнай, адміністрацыйнай адказнасці і пакарання асоб — удзельнікаў падзей на тэрыторыі Данецкай, Луганскай абласцей», акрамя таго «забараняецца дыскрымінацыя, пераслед і прыцягненне да адказнасці асоб з нагоды падзей, якія мелі месца ў Данецкай, Луганскай абласцях».

«Згодна з гэтым Законам часова, на тры гады з дня набыцця гэтым Законам дзеяння, уводзіцца асаблівы парадак мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей, да якіх належаць раёны, гарады, пасёлкі, вёскі, размешчаныя станам на дзень набыцця дзеяння гэтым Законам у межах раёна правядзення АТА, вызначанага згодна з Законам Украіны «Аб барацьбе з тэрарызмам» (далей — асобныя раёны)».

Дзяржава гарантуе права выкарыстання расійскай або любой іншай мовы «ў грамадскім і прыватным жыцці, вывучэнне і падтрымка расійскай і любой іншай мовы, іх свабоднае развіццё і раўнапраўе».

Праект прадугледжвае правядзенне мясцовых выбараў у гэтым рэгіёне.

«Паўнамоцтвы дэпутатаў мясцовых саветаў і службовых асоб, абраных на пазачарговых выбарах, прызначаных Вярхоўнай Радай Украіны гэтым Законам, не могуць быць датэрмінова спыненыя», — сказана ў праекце.

Таксама ўводзіцца асаблівы парадак прызначэння кіраўнікоў органаў пракуратуры і судоў, які прадугледжвае ўдзел органаў мясцовага самакіравання ў вырашэнні гэтых пытанняў.

Кабмін, іншыя цэнтральныя органы выканаўчай улады могуць падпісваць з адпаведнымі органамі мясцовага самакіравання пагаднення адносна эканамічнага, сацыяльнага і культурнага развіцця асобных раёнаў.

Акрамя таго, законам прадугледжваецца падпісанне пагаднення адносна эканамічнага, сацыяльнага і культурнага развіцця асобных раёнаў.

Падтрымку сацыяльна-эканамічнага развіцця Данбаса прадастаўляе Украіна.

«Дзяржпадтрымка заключаецца ва ўвядзенні адрознага ад агульнага эканамічнага рэжыму ажыццяўлення гаспадарчай і інвестыцыйнай дзейнасці, накіраванага на аднаўленне аб'ектаў прамысловасці, транспартнай і сацыяльнай інфраструктуры, жыллёвага фонду, пераарыентацыю прамысловага патэнцыялу, стварэнне новых працоўных месцаў, прыцягненне інвестыцый і крэдытаў для аднаўлення і развіцця аб'ектаў, размешчаных у асобных раёнах», — сказана ў праекце.

«У законе аб дзяржбюджэце Украіны кожны год прадугледжваюцца выдаткі, якія накіроўваюцца на дзяржпадтрымку сацыяльна-эканамічнага развіцця асобных раёнаў. Украіна гарантуе вызначэнне такіх выдаткаў агульнага фонду дзяржбюджэту абароненымі выдаткамі, аб'ём якіх не можа мяняцца пры ажыццяўленні скарачэння зацверджаных бюджэтных прызначэнняў», — сказана ў дакуменце.

Дакумент прадугледжвае «ўзмацненне і паглыбленне добрасуседскіх адносін паміж тэрытарыяльнымі суполкамі, органамі мясцовага самакіравання асобных раёнаў з адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі Расійскай Федэрацыі на аснове пагадненняў аб малым памежным руху, якія складаюцца тэрытарыяльнымі суполкамі, органамі мясцовага самакіравання, мясцовымі органамі выканаўчай улады Украіны і тэрытарыяльнымі суполкамі ў межах кампетэнцыі, устаноўленай законам».

На тэрыторыі АТА рашэннем гарадскіх, пасялковых, сельскіх саветаў ствараюцца атрады народнай міліцыі, каардынацыя іх дзейнасці ажыццяўляецца адпаведным сельскім, пасялковым, гарадскiм кіраўніком.

«Атрады народнай міліцыі ўтвараюцца на добраахвотных пачатках з ліку грамадзян Украіны, якія пастаянна пражываюць у адпаведных населеных пунктах», — сказана ў дакуменце.

У заключных палажэннях рэкамендуецца прызначыць пазачарговыя мясцовыя выбары на 9 лістапада 2014 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?