У выніку сумесных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў крымінальнага вышуку міністэрстваў унутраных спраў Беларусі і Расіі па праверцы аператыўнай інфармацыі ў дачыненні да членаў міжнароднай злачыннай групы выяўлена схема, па якой пасля ўтварэння Адзінай эканамічнай прасторы легалізуецца значная частка скрадзенага аўтатранспарту.

Аб гэтым гаворыцца ў паведамленні МУС Беларусі, падрыхтаваным да пасяджэння Аб'яднанай калегіі міліцэйскіх ведамстваў дзвюх краін у Брэсце. 

Сутнасць схемы заключаецца ў наданні ўкрадзенаму аўтамабілю легальнага статусу шляхам мытнага афармлення на тэрыторыі РФ як аўтамабіля, які прыбыў з Беларусі, з падаваннем для гэтага падробленых улікова-рэгістрацыйных дакументаў. Скраўшы транспартны сродак, злачынцы вырабляюць на яго падробленыя ўлікова-рэгістрацыйныя дакументы, у якіх указваюць звесткі пра ўліковыя даныя аўтамабіля аналагічнай маркі (мадэлі), зарэгістраванага на законных падставах у падраздзяленнях УДАІ МУС Беларусі ці МУС Казахстана. Адпаведна ў выкрадзенай машыне змяняецца і ідэнтыфікацыйны нумар. Акрамя таго, у падробленыя дакументы ўносіцца фіктыўная ацэнка аб тым, што аўтамабіль зняты з уліку ў рэгістрацыйных падраздзяленнях дзяржавы, з якога нібыта прыбыў. 

На наступным этапе, як правіла, праз пасрэднікаў, якія могуць не здагадвацца аб крымінальным паходжанні машыны, на падставе пададзеных у мытныя органы Расіі падробленых дакументаў на аўтамабіль ажыццяўляецца спрошчаная працэдура яго мытнага афармлення з выдачай легальнага пашпарта транспартнага сродку. Пры гэтым існуючым рэгламентам не прадугледжаны абавязковая праверка аўтамабіля, што прыбыў для мытнага афармлення, на прадмет яго зняцця з уліку ў падраздзяленнях УДАІ МУС Беларусі ці Казахстана, а таксама ўстанаўленне сапраўднасці ідэнтыфікацыйнага нумара і прадстаўленых улікова-рэгістрацыйных дакументаў. 

Пасля атрымання ў падраздзяленнях Федэральнай мытнай службы РФ пашпарта МС, выкарыстоўваючы адсутнасць паміж дзяржавамі аб'яднанай базы даных зарэгістраванага аўтатранспарту, злачынцы ажыццяўляюць бесперашкодную пастаноўку аўтамабіля на рэгістрацыйны ўлік у падраздзяленнях Галоўнага ўпраўлення па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху МУС Расіі. 

У МУС Беларусі адзначаюць, што такая злачынная схема можа быць выкарыстана злачынцамі з адным і тым жа аўтамабілем некалькі разоў. Для гэтага транспартны сродак папярэдне неабходна застрахаваць, пасля чаго фіктыўна заявіць пра яго крадзеж для атрымання ў далейшым страхавога пакрыцця. Сітуацыя нярэдка пагаршаецца тым, што праваахоўнымі органамі Расіі аб'яўляюцца ў вышук аўтамабілі з ідэнтыфікацыйнымі нумарамі, аналагічнымі тым, якія раней былі зарэгістраваныя ў Беларусі і з уліку не знятыя (аўтамабілі-»двайнікі»). У такім разе машыны, набытыя і зарэгістраваныя грамадзянамі Беларусі на законных падставах, таксама пераходзяць у катэгорыю тых, што адшукваюцца. Цяпер расійскімі калегамі ў вышук абвешчаны дзевяць аўтамабіляў-»двайнікоў». Па кожным праведзены праверкі, падчас якіх пацверджаны законнасць іх набыцця, а таксама сапраўднасць улікова-рэгістрацыйных дакументаў і ідэнтыфікацыйных нумароў. 

У сувязі з гэтым расійскі крымінальны вышук ініцыяваў перад Следчым дэпартаментам МУС Расіі разгляд пытання аб магчымасці вышуку ўказаных аўтамабіляў без выкарыстання звестак пра іх ідэнтыфікацыйныя нумары. 

Летась Галоўнае ўпраўленне крымінальнага вышуку МУС Расіі, Нацыянальнае цэнтральнае бюро Інтэрпола ў Беларусі, Галоўнае ўпраўленне МУС па Санкт-Пецярбургу і Ленінградскай вобласці сумесна з крымінальным вышукам МУС Беларусі выяўлены 31 выкрадзены і легалізаваны ў Расіі па ўказанай схеме аўтамабіль. 

Для выяўлення «двайнікоў» сёлета па ініцыятыве бакоў праведзена зверка ідэнтыфікацыйных нумароў аўтамабіляў асобных марак, зарэгістраваных у Беларусі, з базай даных ГУАБДР МУС Расіі. У выніку 28.167 ідэнтыфікацыйных нумароў выяўлена больш як у 600 аўтамабіляў, якія адначасова зарэгістраваныя ў Беларусі і Расіі. У адпаведнасці з указаннем МУС РФ праводзіцца праверка гэтых транспартных сродкаў на прадмет устанаўлення першапачатковых ідэнтыфікацыйных нумароў, ініцыятараў вышуку і акалічнасцяў набыцця аўтамабіляў іх уласнікамі. У ліку ўказаных вышэй транспартных сродкаў выяўлена больш за 200 аўтамабіляў са змененымі ідэнтыфікацыйнымі нумарамі, якія знаходзяцца ў вышуку. 

Выкарыстанне такой схемы, як адзначаюць у МУС, актуальнае і для Беларусі. Сёлета толькі на тэрыторыі Гомельскай вобласці выяўлена восем машын, прадстаўленых у падраздзяленні МРА УДАІ УУС з падробленымі ўлікова-рэгістрацыйнымі дакументамі расійскага ўзору і змененымі ідэнтыфікацыйнымі нумарамі. Тры з гэтых аўто ідэнтыфікаваныя як выкрадзеныя ў суседняй краіне. Іх нумары адпавядаюць нумарам аналагічных аўтамабіляў, зарэгістраваных і не знятых з уліку ў падраздзяленнях ГУАБДР МУС Расіі. 

Таму беларускі бок лічыць мэтазгодным прапрацаваць пытанне аб абавязковым крыміналістычным даследаванні ўлікова-рэгістрацыйных дакументаў, а таксама камісійным аглядзе транспартных сродкаў, якія прыбылі ў Беларусь з краін Мытнага саюза для рэгістрацыі ў падраздзяленнях УДАІ МУС Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?