15.09.2014 / 21:17

Урад Польшчы ўзначаліла 58-гадовая Эва Копач

Польскі ўрад узначаліла 58-гадовая Эва Копач. 15 верасня прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі прызначыў яе новым прэм'ер-міністрам і даручыў сфарміраваць новы ўрад.

Да гэтага прызначэння Эва Копач займала пасаду спікера сейма Польшчы, паведамляюць польскія СМІ. 

Ранейшы кіраўнік урада Польшчы Дональд Туск падаў у адстаўку пасля нядаўняга абрання на пасаду старшыні Еўрапейскага савета. 

Кандыдатуру Эвы Копач на пасаду прэм'ер-міністра вылучыла кіруючая ў Польшчы ўрадавая кааліцыя, у якую ўваходзяць прадстаўнікі ліберальнай партыі «Грамадзянская платформа» і Польскай сялянскай партыі. 

Эва Копач нарадзілася ў польскім горадзе Скарышаў. Урач па адукацыі, працавала педыятрам і ўрачом агульнай практыкі. З 2007 па 2011 гады займала пасаду міністра аховы здароўя. Была дэпутатам парламента чатырох скліканняў, з 2011 года — спікерам сейма Польшчы. У «Грамадзянскай платформе» з 2001 года, у снежні 2013-га была абраная першым намеснікам старшыні кіруючай партыі. 

Прызначэнне новага ўрада павінна адбыцца 22 верасня.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру