15.09.2014 / 21:28

План Парашэнкі: Амністыя і асаблівы статус Данбаса на тры гады 1

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заклікаў народных дэпутатаў «з асаблівай адказнасцю» паставіцца да разгляду яго законапраектаў, якія тычаць урэгулявання сітуацыі на Данбасе.

Пра гэта ён сказаў у панядзелак на нарадзе з кіраўнікамі дэпутацкіх фракцый і груп, паведамляе прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта.

Сярод іх — ініцыятыва аб наданні асаблівага статусу асобным раёнам Данецкай і Луганскай на тры гады і амністыя тым, хто не здзейсніў цяжкіх злачынстваў.

Парашэнка сказаў, што ключавымі элементамі мірнага плана, з якімі ён ішоў на прэзідэнцкія выбары, былі пытанні асаблівага статусу асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей, «якія дэ-факта з'яўляюцца элементамі дэцэнтралізацыі з поўным і безумоўным выкананнем суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці дзяржавы, з гарантаванай прыналежнасцю дзяржаве ўсіх асноўных атрыбутаў, уключаючы знешнюю, палітыку бяспекі, прававую палітыку».

Спадар Парашэнка адзначыў, што асаблівы статус прапануецца прадаставіць на тры гады.

«За гэты час у нас будзе магчымасць увесці ў жыццё пытанні глыбокай дэцэнтралізацыі, якія таксама павінны быць прадметам ўнясення адпаведных змяненняў у Канстытуцыю», — сказаў прэзідэнт Украіны.

Амністыя

Парашэнка таксама сказаў, што згодна з прапанаваным законапраектам аб амністыі, пад вызваленне ад адказнасці не падпадаюць тыя, хто здзейсніў злачынства па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса: у прыватнасці, па наўмысных забойствах, тэрарызме, замаху на жыццё дзяржаўнага дзеяча, работніка праваахоўных органаў, суддзі, згвалтаванне, марадзёрства, здзекі над загінуўшымі, здзекі над помнікамі.

«Астатнія артыкулы — гэта абсалютна нармальная сусветная практыка — з'яўляецца інструментам, які дазваляе пачаць палітычную рэалізацыю праграмы па ўкараненні міру.

Няма зараз больш важнай задачы для нас, чым мір.

І гэта ключавыя пазіцыі, якія яго забяспечаць. Звяртаю вашу ўвагу, што зрыў гэтага працэсу цягне непрадказальныя наступствы, і кожны з вас можа зразумець, якія», - сказаў Парашэнка.

Адначасова на сайце Вярхоўнай Рады ў раздзеле зарэгістраваных законапраектаў пакуль няма згаданых прэзідэнтам заканадаўчых ініцыятыў.

0
Umnik / Адказаць
17.09.2014 / 01:24
"Няма зараз больш важнай задачы для нас, чым мір" - Хорошо сказал!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру