Нацбанк лічыць немэтазгодным паскарэнне тэмпаў дэвальвацыі беларускага рубля. 

«Больш хуткая дэвальвацыя беларускага рубля можа прывесці да значных курсавых стратаў, якія супастаўныя і нават перавышаюць станоўчы эфект ад павелічэння экспартнай выручкі», — заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Дзмітрый Калечыц, выступленне якога на пашыраным пасяджэнні праўлення апублікавана ў «Банковском вестнике», што выдае Нацбанк. 

Наяўная курсавая палітыка, падкрэсліў Дзмітрый Калечыц, накіраваная на згладжванне рэзкіх ваганняў абменнага курсу беларускага рубля і «забеспячэнне яго плаўнага аслаблення з улікам наяўнай дынамікі знешняга гандлю і плацежнага балансу ў цэлым, сітуацыі як на ўнутраным валютным, гэтак і на сусветным фінансавых рынках». 

У наступным Нацыянальны банк мае намер прытрымлівацца наяўнай курсавой палітыкі.

«Выбраная тактыка паступовага руху за рынкам дазваляе абменнаму курсу, з аднаго боку, рэагаваць на знешнія шокі, згладжваючы негатыўныя эфекты для знешняга гандлю, а з іншага — абмяжоўваць інфляцыю і падтрымліваць стабільнасць на ўнутраным дэпазітным і валютным рынках», — падкрэсліў Калечыц. 

Як паведамлялася раней, у межах курсавой палітыкі, якую праводзіць Нацбанк, курс долара ў Беларусі расце прыкладна на 100 рублёў за месяц. Адпаведна, за студзень—жнівень, згодна са звесткамі Нацбанка, курс беларускага рубля да долара знізіўся на 9,67%, да еўра — на 5,05%, у дачыненні да расійскага рубля курс нацыянальнай валюты за першыя восем месяцаў умацаваўся на 2,75%. 

Варта зазначыць, што Міжнародны валютны фонд, місія якога знаходзілася гэтай вясной у Мінску, рэкамендаваў Нацбанку праводзіць больш гібкую курсавую палітыку. 

Між тым, згодна з прагнозам Нацбанка, у 2014 годзе абменны курс беларускага рубля адносна да долара знізіцца на 12—13%. Паводле інфармацыі БелаПАН, такі прагноз Нацбанк зацвердзіў у чэрвені ў межах рашэння па рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі да канца года. 

Нагадаем, тэма курсавой палітыкі закраналася Аляксандрам Лукашэнкам у красавіку гэтага года падчас штогадовага паслання народу і парламенту. Тады ён запэўніў, што ўлады зробяць усё для недапушчэння абвальнай дэвальвацыі ў краіне. «Абвальнай дэвальвацыі не будзе, чаго б нам гэта ні каштавала. Мы будзем рабіць усё магчымае, каб гэтага пазбегнуць», — падкрэсліў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?