Ля суда Цэнтральнага раёна Мінска былі затрыманыя журналісты Аляксандр Баразенка, Наталля Валакіда і Сяргей Сацюк-Грабоўскі.

Іх вязуць у Ленінскі РУУС, паведаміў у сваім facebook.com прэс-сакратар БАЖ Барыс Гарэцкі.

А 15-й у судзе Цэнтральнага раёна павінен пачацца суд над грамадскім актывістам Юрыем Рубцовым.

Затрыманні, як і ператрус у журналіста Алеся Буракова ў Магілёве, здарыліся на наступны дзень пасля візіту ў Мінск прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуні Міятавіч.

* * *

28 красавіка ў судзе Савецкага раёна Мінска разглядалася адміністратыўная справа Юрыя Рубцова, які быў затрыманы на дазволенай уладамі акцыі «Чарнобыльскі шлях». Падчас працэсу Рубцоў падаваў заўвагі да пратакола судовага пасяджэння, якое вёў суддзя Савецкага раёна Мінска Кірыл Палулех, аднак суд не прыняў іх да ўвагі.

Больш за тое, Кірыл Палулех палічыў словы Рубцова за абразу.

5 жніўня Юрыя Рубцова дапыталі ў Савецкім аддзеле Следчага камітэта г. Мінска ў якасці падазраванага ў межах крымінальнай справы па артыкуле 391 «Абраза суддзі або народнага засядацеля». За абразу суддзі ў сувязі з ажыццяўленнем ім правасуддзя санкцыя артыкула прадугледжвае розныя віды пакарання — штраф, папраўчыя працы на тэрмін да двух гадоў, арышт на тэрмін ад трох да шасці месяцаў ці абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0