У калідорах улады ўсведамляюць, што ў эканоміцы існуюць сур'ёзныя праблемы, і з гэтым неабходна нешта рабіць. Паводле інфармацыі інтэрнэт-газеты Naviny.by, урад зацвердзіў у жніўні дадатковыя меры да леташняга плану па структурным рэфармаванні эканомікі.

Што збіраюцца зрабіць беларускія ўлады? Ці ўдасца ўраду ліквідаваць першапрычыны тых праблем, з якімі сутыкнулася нацыянальная эканоміка? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні мы шукалі разам з незалежнымі экспертамі.

Новы план урада

Нагадаем, восенню мінулага года ўрад і Нацыянальны банк зацвердзілі План сумесных дзеянняў па структурным рэфармаванні эканомікі. Восеньскі дакумент, як тлумачыў каля года таму Мінфін, быў распрацаваны ў сувязі з тым, што ў эканоміцы «пагрозлівымі тэмпамі нарасталі дысбалансы». Каб ліквідаваць іх і знізіць усё большы ціск на золатавалютныя рэзервы, улады з восені 2013 праводзілі палітыку па абмежаванні дзяржвыдаткаў і зніжэння тэмпаў крэдытавання эканомікі.

Аднак вясной гэтага года ўрадавым ведамствам стала відавочна, што неабходна прымаць больш рашучыя крокі для павышэння эфектыўнасці эканомікі. Неўзабаве пасля гэтага (магчыма, з падачы ўрада) Аляксандр Лукашэнка агучыў у Авальнай зале курс на «новую эканамічную палітыку». З тых часоў дзяржорганы, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Саўміна, сталі рыхтаваць новы план мерапрыемстваў па рэфармаванні эканомікі.

Як удалося высветліць інтэрнэт-газеце Naviny.by, у жніўні ўрад зацвердзіў План мер па збалансаваным развіцці эканомікі на 2014-2015 гг. Што прынцыпова новага ў ім у параўнанні з падобным дакументам, прынятым увосень 2013?

Для насельніцтва будзе цікава даведацца задачу, якая ставіцца ў частцы павелічэння тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Урад плануе, што цалкам кампенсаваць выдаткі на аказанне такіх паслуг насельніцтва стане ў 2017 годзе. Дарэчы, у першым квартале бягучага года насельніцтва, па дадзеных Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, покрыва усталяванымі тарыфамі каля чвэрці кошту камунальных паслуг.

Для забеспячэння збалансаванага развіцця эканомікі ўрад ставіць задачу забяспечыць дадатнае сальда гандлёвага балансу ў 2014-2015 гг. на ўзроўні не менш як 0,1% ВУП. Дарэчы, у бягучым годзе гэта задача выконваецца. Забяспечыць дадатнае сальда сёлета ўдалося дзякуючы таму, што шэраг імпартаёмістых галін беларускай прамысловасці (у прыватнасці, машынабудаванне) знізіў аб'ёмы вытворчасці. Як вынік, скараціліся аб'ёмы імпарту, і гэта станоўча адбілася на стане замежнага гандлю Беларусі.

Збалансаванае развіццё беларускай эканомікі ў апошнія гады моцна залежыць ад магчымасці краіны разлічвацца па пазыках, плацяжы па якіх вылічаюцца ў мільярдах даляраў. Таму лагічна, што меры, якія тычацца пагашэння доўгу, знайшлі адлюстраванне ў новым плане уладаў.

Паводле інфармацыі Naviny.by, жнівеньскі план ўрада прадугледжвае, што вывазныя мыты на нафтапрадукты (у памеры 1,5 млрд даляраў), якія Беларусь у 2015 годзе зможа залічыць у свой бюджэт, будуць скіраваныя на пагашэнне дзяржаўнай пазыкі.

Акрамя гэтага, мяркуецца, што на пагашэнне дзяржаўнай пазыкі могуць быць прыцягнутыя сродкі за кошт размяшчэння на знешніх рынках новых выпускаў дзяржаблігацый, а таксама з дапамогай продажу камерцыйным банкам валютных дзяржаблігацый.

Увогуле, крыніцы фінансавання збалансаванага эканамічнага развіцця ў 2014-2015 гг. зразумелыя. Сродкі ад нафтапошлінаў плюс новыя пазыкі на знешнім і ўнутраным рынках дазволяць, як мяркуюць улады, звесці канцы з канцамі і забяспечыць эканамічную стабільнасць у краіне.

Зрэшты, ніхто з беларускіх эканамістаў сёння і не сумняецца ў тым, што найбліжэйшы год пройдзе ў краіне без фінансавай праблемаў — да прэзідэнцкіх выбараў, якія запланаваны на восень 2015 года, эканамічныя крызісы ў краіне немагчыма сабе ўявіць.

Куды менш яснасці з «новай эканамічнай палітыкай», якую ўлады абвясцілі вясной гэтага года і ўжо сталі канкрэтызаваць на паперы — у прынятым жнівеньскім Плане мер па збалансаваным развіцці эканомікі.

Касметычны рамонт існуючай мадэлі

У прынятым плане ўлады закранаюць некаторыя прынцыповыя пытанні, якія тычацца кіравання эканомікай. У прыватнасці, прадугледжваецца падзел функцый дзяржавы як рэгулятара і ўласніка.

Змешванне гэтых функцый сёння прыводзіць да таго, што галіновыя ведамствы (якія адказваюць за развіццё падведамных прадпрыемстваў) зацікаўлены ў падтрымцы дзяржпрадпрыемстваў у шкоду прыватнаму сектару. Такі стан спраў не дазваляе развівацца канкурэнцыі ў галінах. Таму спробу эканамічных ведамстваў падзяліць функцыі дзяржавы як рэгулятара і як ўласніка можна толькі вітаць.

Яшчэ адна навацыя, якую прапануе сёння ўрад ў прынятым плане - перагляд механізму аказання дзяржаўнай падтрымкі. Цяпер у краіне існуе мноства дзяржпраграм, эфектыўнасць якіх нават у дзяржорганах выклікае сур'ёзныя пытанні. Мала таго, прадпрыемствы атрымліваюць дзяржпадтрымку яшчэ і ў рамках індывідуальных рашэнняў уладаў, што распыляе і без таго абмежаваныя рэсурсы бюджэту.

Увогуле, нізкая аддача ад дзяржінвестыцый разам з бюджэтнымі абмежаваннямі прымушае ўрад пераглядаць механізм размеркавання дзяржаўных грошай.

Па звестках Naviny.by, урад плануе перадаць рашэнне аб рэалізацыі дзяржаўных праграм у выключную кампетэнцыю кіраўніка дзяржавы. Мяркуецца, што першая асоба павінна будзе вызначыць прыярытэтныя кірункі выкарыстання наяўных дзяржаўных сродкаў, а ўрад адкажа за тэхнічную рэалізацыю рашэнняў.

Акрамя таго, эканамічныя ўлады прапануюць адмовіцца ад індывідуальных формаў дзяржпадтрымкі прадпрыемстваў і дапамагаць рэальнаму сектару толькі на конкурснай аснове ў рамках прыярытэтных дзяржпраграм, якія вызначыць дзяржава. У выніку, як чакаюць эканамічныя ведамствы, эфектыўнасць дзяржпадтрымкі вырасце.

Магчыма, гэтага ў нейкай меры сапраўды ўдасца дамагчыся - за кошт скарачэння дзяржпраграм, шляхам абмежавання правоў дзяржпрадпрыемстваў звяртацца за індывідуальнай фінансавай дапамогай. Аднак вялікага прарыву ў частцы павышэння эфектыўнасці выкарыстання дзяржаўных сродкаў наўрад ці варта чакаць, мяркуюць эксперты.

«Усведамленне праблемы, што дзяржава ў большасці выпадкаў не можа быць суб'ектам, які эфектыўна вызначае кірунакінвестыцый, яшчэ не прыйшоў. Падыход, які мы бачым сёння, засноўваецца на кіруючай і накіроўваючай ролі дзяржавы ў інвестыцыйным працэсе», — кажа эканаміст Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Зміцер Крук.

На яго думку, да таго часу, пакуль будзе захоўвацца дырэктыўнае (вызначанае дзяржавай) размеркаванне фінансавых рэсурсаў, сур'ёзныя эканамічныя рэформы ў краіне наўрад ці пачнуцца.

«Пакуль гаворка ідзе пра асцярожную і вельмі паступовую змену механізмаў функцыянавання беларускай эканомікі. Па вялікім рахунку, мы сёння назіраем касметычны рамонт існуючай эканамічнай мадэлі без змены яе змястоўных прынцыпаў», — адзначае Зміцер Крук.

Галоўная «фішка» сённяшніх прапаноў урада зводзіцца да таго, што неабходна прыкласці максімальныя намаганні для павышэння эфектыўнасці працы дзяржсектара, які дамінуе ў беларускай эканоміцы. У прыватнасці, жнівеньскі План мер па збалансаваным развіцці эканомікі прадугледжвае распрацоўку стратэгій развіцця валаўтваральных дзяржпрадпрыемстваў з мэтай павышэння іх эфектыўнасці.

У сваю чаргу, незалежныя эканамісты мяркуюць, што магчымасці ўладаў па павышэнню эфектыўнасці дзяржсектара вельмі абмежаваныя.

«Дзяржпрадпрыемствы, якія маюць прэферэнцыйны доступ да рэсурсаў (прыклад гэтага — нафтаперапрацоўка) альбо займаюць манапольнае становішча на рынку, могуць паказваць добры фінансавы вынік. Аднак стаўка на дзяржсектар у тых галінах, дзе існуе канкурэнцыя на ўнутраным альбо замежным рынках, выклікае сумневы», — мяркуе дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

На думку эксперта, дзяржпрадпрыемствы не валодаюць дастатковай ступенню гнуткасці і ва ўмовах канкурэнцыі ім складана працаваць эфектыўна.

Назіральнікі параўноўваюць сённяшнія спробы ўрада павысіць эфектыўнасць дзяржсектара з другой паловай 1980-х гадоў, калі ўлады імкнуліся ўдыхнуць новае жыццё ў савецкую эканамічную сістэму.

«Спробы адміністрацыйным чынам зрабіць эканоміку эфектыўнай рабіліся і раней. Тое, што адбываецца ў Беларусі сёння нагадвае позні Савецкі Саюз, калі спрабавалі ўдасканаліць сацыялістычную сістэму, але нічым добрым гэта не скончылася. Гісторыя паказала, што спробы касметычным чынам палепшыць адміністрацыйную эканоміку асуджаныя на няўдачу», - кажа фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра «Альпары» ў Мінску Вадзім Іосуб.

Тым не менш, менавіта касметычны рамонт эканамічнай мадэлі мы сёння назіраем у краіне.

Калі ж улады пяройдуць да сур'ёзных рэформаў? Можа быць, пасля выбараў? Сказаць складана. Па адной з версіі, да рэформаў улады могуць падштурхнуць правалы ў эканоміцы, якія ўжо набываюць хранічны характар.

«У апошнія гады мы «танчым» з нізкімі тэмпамі эканамічнага росту. Калі так будзе працягвацца і далей, гэта можа стаць стымулам для правядзення рэформаў у краіне. Калі знешнія тлумачэнні нізкіх тэмпаў эканамічнага росту скончацца, прыйдзецца шукаць прычыны ў сабе», - рэзюмаваў Дзмітрый Крук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?