На судовае паседжанне Юрый Рубцоў прыйшоў з рэчамі. 

На судовае паседжанне Юрый Рубцоў прыйшоў з рэчамі. 

Сёння ў суддзе Цэнтральнага раёна Мінска пачаўся разгляд судовай справы супраць актывіста Юрыя Рубцова, якога абвінавачваюць у абразе суддзі.

Паводле версіі абвінавачвання, Рубцоў абразіў суддзю Кірыла Палеуха і назваў яго «падонкам», калі яго судзілі пасля затрымання на акцыі «Чарнобыльскі шлях–2014». Падчас акцыі ён хадзіў у майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь».

Рубцову інкрымінуюць артыкул 391 Крымінальнага кодэксу «Абраза суддзі ці народнага засядацеля».

Сёння Рубцоў прыйшоў на суд у майцы «Лукашэнка, сыходзь». Працэс вяла суддзя Наталля Вайцяховіч.

Суд пачаўся з хадайніцтва Рубцова аб адводзе ўсяго склада суда. «Я не магу давяраць суду, бо не выконваецца патрабаванне артыкула 60 Канстытуцыі аб незалежнасці судовай улады. Пакуль суддзі працуюць па кантракце, нельга казаць пра незалежнасць суддзяў», — патлумачыў Рубцоў.

Суддзя адхіліла хадайніцтва. Таксама было адхілена хадайніцтва абароны аб змене парадку допыту і забаронены фота- і відэазапіс. За час паседжання суд паспеў апытаць Рубцова, Палеуха і чатырох сведак: двух АМАПаўцаў, якія былі сведкамі на адміністратыўным працэсе супраць Рубцова, сакратарку суда і канвойнага міліцыянта.

Сведкі абвінавачвання кажуць, што Рубцоў паводзіў сябе неадэкватна, клаўся на лаўку, размахваў рукамі, а ў нейкі момант пайшоў да суддзі і сказаў таму, што «гэта не суд, а судзілішча, а суддзя падонак». Таксама сведкі ўзгадваюць, што Рубцоў казаў, што «выйдзе і знойдзе суддзю».

Сам Рубцоў прызнае, што казаў фразу «не суд, а судзілішча», аднак затым ён сказаў, што «суддзі, якія выносяць незаконныя рашэнні, — падонкі», чым апеляваў не канкрэтна да асобы суддзі, а да судовай сістэмы Беларусі. Свой рух у бок суддзі ён патлумачыў тым, што Палеух прапанаваў яму азнаёміцца з матэрыяламі справы і працягнуў паперы.

Рубцоў таксама пастаянна звяртаў увагу суда на тое, што ён стаяў перад судом з аголеным торсам, бо з яго знялі майку. Таксама ў яго забралі акуляры, хоць ён дрэнна бачыць. Рубцоў выказваў заўвагу і працы сакратара. Ён сцвярджаў, што пратакол паседжання вялі ад рукі, а потым праз некалькі дзён далі ўжо ў надрукаваным выглядзе, і ён думае, што пратакол быў зменены. Юрый Рубцоў таксама сцвярджаў, што паказанні пацярпелага і сведак амаль ідэнтычныя, хоць яны сцвярджаюць, што давалі паказанні следчым у выглядзе вольнага апавядання.

У выніку суддзя вырашыла ўзяць перапынак да 6 кастрычніка, праз няяўку аднаго сведкі абвінавачвання. Абарона таксама падала хадайніцтва аб выкліку сведак і эксперта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?