Злучаныя Штаты прапаноўваюць беларускім уладам працягнуць тэрмін даўнасці па справах зніклых палітыкаў, які заканчваецца ў гэтым годзе, гаворыцца ў апублікаванай 16 верасня заяве прадстаўніка Дзярждэпартамента Мэры Харф з нагоды 15-й гадавіны знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага

Паводле слоў Харф, Ганчар і Красоўскі рызыкавалі сваімі жыццямі і будучыняй, каб супрацьстаяць рэпрэсіям. «Іх знікненне — вялікая страта не толькі для іх блізкіх, але і для беларускага народа. Будзь яны сёння з намі, Віктару Ганчару споўнілася б 56 гадоў, а Анатолю Красоўскаму — 62 гады», — адзначаецца ў заяве.

ЗША «ўспамінаюць сёння і былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку, які падаў у адстаўку ў знак пратэсту супраць злоўжыванняў з боку ўлады, а затым знік 7 мая 1999 года, і Дзмітрыя Завадскага, аператара расійскага тэлеканала ОРТ, які знік 7 ліпеня 2000 года неўзабаве пасля вяртання са здымак дакументальнага фільма ў Чачні».

Дзярждэп падкрэслівае, што афіцыйнае расследаванне знікненняў не прынесла істотных вынікаў. «Згодна з беларускім заканадаўствам тэрмін іскавай даўніны па расследаванні гэтых знікненняў заканчваецца ў гэтым годзе. Мы па-ранейшаму глыбока заклапочаны лёсам гэтых чатырох мужчын і заклікаем беларускія ўлады працягнуць тэрмін даўнасці і дакладна і празрыста расследаваць іх знікненні. Сем'і зніклых заслугоўваюць справядлівасці», — гаворыцца ў заяве.

ЗША зноў заклікалі Беларусь «неадкладна і безагаворачна вызваліць усіх палітычных зняволеных і аднавіць іх палітычныя правы». «Мы цвёрда перакананыя, што будучыня Беларусі можа быць больш радаснай, больш стабільнай і больш квітнеючай пры наяўнасці больш адкрытага грамадства і большай дэмакратызацыі», — падкрэслівае Мэры Харф.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?