19-гадовая Віка на працягу некалькіх месяцаў падманвала свайго хлопца Аляксея, сцвярджаючы, што цяжарная ад яго і нават што нарадзіла дзіця.

19-гадовая Віка на працягу некалькіх месяцаў падманвала свайго хлопца Аляксея, сцвярджаючы, што цяжарная ад яго і нават што нарадзіла дзіця.

Трагічна скончылася вясковая «Санта-Барбара» ў Рэчыцкім раёне. 19-гадовая дзяўчына на працягу некалькіх месяцаў хлусіла свайму сябру, што цяжарная ад яго і нават нарадзіла дзіця. Ён жа вырашыў яе забіць праз гэта. Знарок ці выпадкова, жудаснае злачынства адбылося на Дзень усіх закаханых, 14 лютага. У верасні пачаўся судовы разгляд крымінальнай справы.

Згодна з абвінавачваннем, 14 лютага каля 21.30 ля вёскі Перавалока Рэчыцкага раёна зямляк паэта Сыса, жыхар вёскі Гарошкаў 1994 года нараджэння, здзейсніў забойства 19-гадовай дзяўчыны, жыхаркі вёскі Салтанова.

Дапамагаў магчымаму забойцу (ступень яго віны дакажа суд) яго сябра, жыхар вёскі Броннае 1993 года нараджэння.

Аляксей, былы хлопец Вікі, забіў яе, некалькі разоў стукнуўшы палкай па галаве. Калі дзяўчына памерла, да яе цела злачынца прывязаў мяшок з камянямі і ўтапіў ў сажалцы.

Суд спрабуе да драбніц высветліць абставіны таго Дня ўсіх закаханых, які стаў для 19-гадовай Вікі апошнім.

У судовай зале шмат людзей. Сваякі забітай і імаверных забойцаў сядаюць далей адны ад адных. Але і тыя, і другія часта не могуць стрымаць слёз.

Хлопцы ж на лаве падсудных трымаюцца спакойна, упэўнена і нават бадзёра. Вячаслаў часам весяліцца, з гатоўнасцю адказвае на пытанні суддзі. Аляксей паказвае сваякам сціснуты і ўзняты кулак, стрымана ўсміхаецца.

Паказанні, якія давалі абвінавачаныя на следстве, месцамі адрозніваюцца ад тых, якія яны агучваюць у зале суда. Але гэта тычыцца не асноўных момантаў злачынства. Па версіі Аляксея, з Вікай ён раней вучыўся ў НВК (навучальны-вытворчы камбінат), але не сябраваў. Неяк у 2013 годзе яны выпадкова сустрэліся ў Рэчыцы на вуліцы, завязалася блізкае знаёмства, маладыя людзі пачалі сустракацца. Праз два месяцы пасля знаёмства дзяўчына «абрадавала» Аляксея весткай пра тое, што цяжарная. Ён жа не хацеў мець з Вікай сур’ёзных адносінаў і таму прапанаваў зрабіць аборт. Дзяўчына адмовілася.

Потым высветлілася, што пра цяжарнасць дзяўчына схлусіла. Такім чынам яна спрабавала ўтрымаць Аляксея, бо заўважыла, што ён змяніў свой статус «Укантакце» — займеў іншую сяброўку.

Гэта і вымусіла Віку прыдумаць версію пра цяжарнасць. Дзяўчына пачала таксама пагражаць сябруку, што ў выпадку, калі ён яе кіне, яна пойдзе да бабак-шаптух і «навядзе на яго псую». Па словах другога абвінавачванага, Вячаслава, яго сябар Аляксей баяўся пагроз пра псую, таму не кідаў дзяўчыну, прыязджаў да яе перыядычна. Аляксей таксама ў сваіх паказаннях на папярэднім следстве прызнаваўся, што баяўся пагроз Вікі, што тая пры дапамозе вядзьмарак «адбярэ ў мяне здароўе». Тады, восенню 2013 года, у хлапца нарадзілася такая думка, якую ён агучыў у паказаннях: «Калі ў Вікі будзе выкідыш, гэта пазбавіць мяне праблем, яна больш не будзе палохаць мяне шаптухамі і нагнятаць абстаноўку».

Ён папрасіў свайго сябрука Вячаслава, каб той падпільнаваў дзяўчыну і пабіў яе нагамі ў жывот. Хлопец спадзяваўся, што пасля гэтага ў дзяўчыны здарыцца выкідыш.

Суддзя ўдакладняе: «Адкуль вы такое ўзялі, што, калі пабіць нагамі ў жывот, — будзе выкідыш? Вы чыталі адмысловую літаратуру?» Аляксей адказвае: «Бачыў такое па тэлевізары, у серыяле. Нехта штурхнуў дзяўчыну, яна стукнулася — і ў яе здарыўся выкідыш».

Дарэчы, вінавацілі «ва ўсім» тэлевізар, фільмы і серыялы і сваякі забітай дзяўчыны, калі размаўлялі пасля судовага паседжання. «Гэта ж дзеці, ім жа па 20 гадоў, праблемы не ўмеюць вырашаць, наглядзеліся тых серыялаў ды вось так атрымалася», — разважалі вяскоўцы.

У той восеньскі вечар Вячаслаў пільнаваў дзяўчыну ў кустах ля яе дома. Аляксей жа, дамовіўшыся з ім, падвёз Віку дахаты і абяцаў патэлефанаваць, калі ахвяра будзе на месцы.

Віка выйшла з аўтамабіля Аляксея, той патэлефанаваў Вячаславу, хлопец нацягнуў на галаву пакунак (каб яна яго не пазнала) і кінуўся на ахвяру са спіны. Ад моцнага ўдару дзяўчына звалілася на зямлю і закрычала. Спрацавала сігналізацыя на прыпаркаваным побач аўтамабілі, злачынца спалохаўся і збег. Пазней ён даў справаздачу сябру, што ўсё-такі пабіў, як той і прасіў, Віку нагамі па жываце.

«Чаму вы згадзіліся на просьбу сябра пабіць Віку? Вы разумелі, якія могуць быць наступствы для дзяўчыны?» — суддзя. «Я не ведаю. Цяжка сказаць», — мямліць Вячаслаў.

Тым часам Віка паскардзілася на тэлефоне Аляксею, што нехта напаў на яе каля пад’езда. Яна працягвала настойваць, што цяжарная. Праз яшчэ нейкі час дзяўчына паведаміла, што яна нарадзіла раней тэрміну дзіця, і хлопчык знаходзіцца «пад каўпаком» у шпіталі ў Гомелі.

Аляксей сцвярджаў на судзе, што неаднаразова прасіў Віку паказаць «сына», тая ж аднеквалася, тлумачыла, што немаўля то ў шпіталі, то ў бабулі. Між тым прасіла, па словах хлопца, у яго грошы на «памперсы». Дзяўчына казала, што сына назвала Маратам.

У лютым, відавочна, Аляксей вырашыў забіць Віку. На судзе ён даводзіць, што не планаваў забойства і гэта выйшла выпадкова, у спрэчцы.

«Мы ехалі на дыскатэку ў вёску Перавалока. Па дарозе пачалі сварыцца, выйшлі з аўтамабіля, кіраваў якім Вячаслаў, сварыліся, яна мяне абражала, штурхала кулаком у грудзі, лаялася матам, я не вытрымаў, схапіў нейкую палку і стукнуў яе некалькі разоў па галаве», — распавядаў малады чалавек.

Доказы гавораць пра іншае. У багажніку аўтамабіля быў ужо падрыхтаваны мяшок з цаглінамі, дрот, гумавыя боты. Мяшок з цаглінамі пры дапамозе дроту забойца прывязаў да цела ахвяры і скінуў яго ў тэхнічны вадаём. Боты ж былі патрэбныя, каб дабрацца па возеры да палонкі.

Вячаслаў даказваў на судзе, што нічога не ведаў. Пра тое, адкуль у багажніку з’явіліся дрот і мяшок з камянямі, гаворыць, што паклаў іх Аляксей перад паездкай, патлумачыўшы, што хоча «запалохаць Віку». Якім менавіта спосабам — не ўдакладняў.

Па словах Вячаслава, ён не дапамагаў забіваць дзяўчыну, бачыў, як Аляксей яе стукнуў палкай. Потым дапамог дацягнуць цела да штучнага возера.

«Чаму вы не дапамаглі Віцы, не абаранілі яе, калі бачылі, як Аляксей яе б'е палкай па галаве?» — пытаецца суддзя.

«Я быў у шокавым стане. Я баяўся Аляксея», — апраўдваецца хаўруснік.

Пасля забойства хлопцы едуць у Рэчыцу, ідуць піць у бар, потым набываюць «віно, шакаладку і прэзерватывы» і бавяць вечар і частку ночы ў кампаніі дзяўчат.

На пасяджэнне не з’явіліся сведкі, таму суд вынес рашэнне даставіць іх прымусова.

Нагадаем, гэта не адзінае жорсткае забойства ў Рэчыцкім раёне. Так, 29 жніўня 2013 года была жорстка забітая і знявечаная 19-гадовая жыхарка Рэчыцы Алеся. Яе забойца арыштаваны, неўзабаве ў Гомельскім абласным судзе пачнуцца слуханні справы. Забойца і яго ахвяра былі знаёмыя, яны былі аднагодкі. Ён праводзіў дзяўчыну дахаты, а потым жорстка забіў яе.

Летам 2013 года каля вёскі Воўчая Гара Рэчыцкага раёна была забітая 23-гадовая Ліля, выпускніца Мазырскага педуніверсітэта. Выявілася, што забраў у яе жыццё былы сябар і аднакурснік. Дзяўчына адмовілася працягваць з ім стасункі. Помста яго была страшнай. На судзе малады чалавек атрымаў за забойства 15 гадоў.

Пасля судовага пасяджэння да маці забітай дзяўчынкі падыходзіць маці Аляксея. Дзве жанчыны пра нешта ціха размаўляюць каля акна, абедзве горка плачуць.

Чуваць, што маці хлопца просіць прабачэння ад яго імя. Сам ён пакуль гэтага не зрабіў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?