17.09.2014 / 17:17

Беларусь плануе выдаваць бясплатныя візы турыстам у час буйных спартыўных мерапрыемстваў

Беларусь плануе выдаваць бясплатныя візы турыстам у час буйных спартыўных мерапрыемстваў. Аб гэтым заявіў сёння журналістам дырэктар дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Вадзім Кармазін.

У гэтым годзе турысты маглі наведаць Беларусь у час чэмпіянату свету па хакеі без візы, для перасячэння граніцы патрэбны быў білет на матч чэмпіянату.

«Гэта тактыка поўнасцю сябе апраўдала. Плануецца, што ў час спартыўных спаборніцтваў міжнароднага ўзроўню па хадайніцтве Міністэрства спорту і турызму і Нацыянальнага алімпійскага камітэта для балельшчыкаў будуць выдавацца бясплатныя візы. Пры гэтым размова ідзе не пра бязвізавы рэжым, а менавіта пра бясплатныя візы. Гэты механізм будзе ўзгоднены з Міністэрствам замежных спраў», — сказаў Вадзім Кармазін.

Пералік спартыўных мерапрыемстваў, на якія будуць выдаваць бясплатныя візы, распрацоўваюць Міністэрства спорту і турызму і Нацыянальны алімпійскі камітэт.

Што датычыцца іншых буйных мерапрыемстваў, якія цікавыя для турыстаў, то гэта пытанне будзе разглядацца ў індывідуальным парадку. Вадзім Кармазін не выключыў, што будуць выбраны некалькі буйных фестываляў, на якія таксама будуць выдавацца бясплатныя візы.

«Спадзяюся, што гэта тэма атрымае развіццё ў далейшым і даступнасць краіны ў турыстычным плане будзе павышацца», — дадаў ён. Выдача бясплатных віз дасць магчымасць прыцягнуць больш турыстаў з суседніх краін. «Часта рашэнне аб паездцы прымаецца на працягу 4-5 дзён, таму пытанне віз мае першараднае значэнне», — сказаў Вадзім Кармазін.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру