Да 17 верасьня мы павінны ставіцца, як літоўцы да пытаньня Вільні: «савецкі рэжым асуджаем, але рашэньне Сталіна аддаць Вільню Літве — правільнае і непарушнае».

Любую дыскусію пра 17 верасьня 1939 году вельмі лёгка спыніць адным пытаньнем: «Вы супраць таго, што тэрыторыя Беларусі павялічылася ў два разы?» І вашаму апанэнту застанецца толькі разгублена адказваць: «Я ня супраць, але…»

Парадокс і горкая іронія гісторыі ў тым, што ў выніку выразнай несправядлівасьці (нападу на Польшчу з двух бакоў — Германіі і СССР) аднавілася гістарычная справядлівасьць — вяртаньне Беларусі беларускіх этнічных земляў.

З пункту гледжаньня беларускай дзяржаўнасьці, беларускіх гісторыкаў, беларускіх нацыяналістаў падзеі 17 верасьня аб’ядналі асноўныя землі этнічнай беларускай тэрыторыі, далі патэнцыяльную магчымасьць беларускаму народу разьвівацца ў складзе адной дзяржавы.

Ці факт тое, што на тэрыторыю Заходняй Беларусі разам з Саветамі ў 1939-м прыйшлі высылкі ў Сыбір, калгасы, рэпрэсіі? Што савецкая рэальнасьць была нашмат больш змрочнай, жабрацкай, бяспраўнай, чым польская? Так, гэта факт, і пра яго трэба гучна казаць, і гэтага ня любіць рабіць сёньняшняе прасавецкае кіраўніцтва Беларусі.

Але факт і тое, што тагачасная Польшча не была, мякка кажучы, сацыяльным і нацыянальным раем для беларусаў, асабліва для тых, хто актыўна выяўляў сябе менавіта беларусам. Факт і тое, што

ніякай нацыянальнай пэрспэктывы і будучыні для беларусаў як нацыі ў Польшчы не было — не было ніякай «рэспублікі», нават фармальнай аўтаноміі, праводзілася зацятая палянізацыя, закрываліся беларускія школы.

Дый у сёньняшняй, дэмакратычнай Польшчы колькасьць этнічных беларусаў з кожным перапісам імкліва зьмяншаецца.

У гісторыі ня раз бывала, што няправедны палітычны рэжым прыносіў дзяржаве тэрытарыяльныя зьмены, ад якіх потым не зьбіралася адмаўляцца і больш дэмакратычнае кіраўніцтва. Тым жа палякам Сталін перадаў і беларускія землі Беласточчыны, і чыста нямецкія землі на захадзе цяперашняй Польшчы. Нешта я ня чуў, каб нехта ў Польшчы ставіў пад пытаньне несправядлівасьць гэтых тэрытарыяльных зьменаў і заклікаў аддаць Уроцлаў дэмакратычнай Нямеччыне.

Дый дарэчы, калі нават ацэньваць 17 верасьня не зь беларускага нацыянальнага, а зь нейкага абстрактнага пункту гледжаньня, то беларусам не аддалі нічога чужога, проста вярнулі сваё, землі, на якіх заўсёды жылі этнічныя беларусы. У 1921 годзе Польшча скарысталася слабасьцю савецкай Расеі і забрала ў яе паводле Рыскай дамовы беларускія і ўкраінскія землі. У 1939 годзе СССР скарыстаўся слабасьцю Польшчы і забраў гэтыя землі назад. У чым праблема?

Дарэчы, як я перакананы, зь цягам часу ў стаўленьні беларусаў да гэтай падзеі ўсё больш будуць пераважаць чыста тэрытарыяльныя, дзяржаўніцкія, «вечныя» матывы.

Магчыма, гэта цынічна, але гісторыя — цынічная рэч, і ў школах гэты прадмет вучаць паводле дзяржаўных набыткаў і стратаў, бітваў і тэрытарыяльных зьменаў. І, мне здаецца, пры любой уладзе ў незалежнай Беларусі (нацыяналістычнай, лібэральнай) ацэнка 17 верасьня будзе ў той ці іншай ступені станоўчай.

І, дарэчы, правядзі сёньня ў Беларусі сацыялягічнае апытаньне на тэму стаўленьня да 17 верасьня — якія, па вашаму, будуць вынікі? Колькі беларусаў станоўча ацэняць гэтую падзею? 95, 98 працэнтаў?

Мне здаецца, мы павінны ацэньваць 17 верасьня прыблізна так, як літоўцы ставяцца да савецкага рэжыму і таго факту, што менавіта гэты кляты савецкі рэжым падараваў ім Вільню. Літоўцы максымальна радыкальна, як ніхто іншы ў сьвеце, асуджаюць сталінскі рэжым, усё савецкае ў іх забаронена нават на заканадаўчым узроўні. Але пры гэтым ніхто зь іх не называе злачынным рашэньне Сталіна перадаць Вільню Літве. Вось такая дыялектыка: усе дзеяньні СССР злачынныя, але ёсьць адно правільнае — перадача Вільні Літве. 

Ды што літоўцы — ніводная нацыя не займаецца самаедзтвам з нагоды таго, якім чынам у яе складзе апынуліся тыя ці іншыя землі. А беларусам, у якіх значная частка этнічных тэрыторыяў належыць да іншых дзяржаваў, тым больш гэтага ня трэба.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?