Гэты выпадак апісала ў сваім Фэйсбуку настаўніца біялогіі, завуч маскоўскай школы № 279 імя Твардоўскага Рэма Арштэйн.
«Клас, у якім вучыцца мая ўнучка (8-ы) у межах школьнага экскурсійнага дня павялі ў музей «Бункер-42» на Таганцы (гэта сапраўдны бункер на глыбіні 65 метраў, створаны на выпадак ядзернай вайны для кіраўніцтва СССР, цяпер музей «халоднай вайны» - Рэд.), — піша яна. — Паглядзелі, як арганізаваны бункер, паглядзелі фільм пра жахі халоднай вайны. А далей у іх у праграме «спецэфект».

«Ну, дзеці, - пытаецца экскурсавод, - хто хоча скінуць атамную бомбу?». І, распавядае ўнучка, акрамя яе і яшчэ чалавек трох, усе дружна крычаць: «Я». «А на каго будзем скідаць бомбу?» - пытаецца экскурсавод. Такі ж дружны лямант: «На Амерыку!»

Выбралі хлопчыка і дзяўчынку, націснулі яны кнопку, фільм дэманструюць: дзеці ў школе хаваюцца пад сталы, людзі бягуць па вуліцах. Потым выбух і ўсе загінулі.

Тут у адной дзяўчынкі (да гонару яе) пачынаецца істэрыка.

А ў масе дзеці рэагуюць спакойна.

У мяне няма слоў, але ёсць пытанні. Калі, дапусцім лепшае, класны кіраўнік быў не ў курсе, чым у гэтым музеі дзетак пацешаць, чаму ён не абмеркаваў потым сітуацыю з дзецьмі і не расставіў правільныя акцэнты? Хто ў музеі прыдумаў гэты выдатны спецэфект і дазволіў дапускаць да яго дзяцей?

І апошняе пытанне: «Што ж гэта за такая незразумелая краіна, дзе нават малыя гатовыя скінуць атамную бомбу і дакладна ведаюць на каго?» — піша Рэма Арштэйн.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0