Украіна не будзе ўдзельнічаць у міжнародным музычным конкурсе «Еўрабачанне-2015». Такое рашэнне прыняла Нацыянальная тэлекампанія Украіны разам з Еўрапейскім вяшчальным саюзам (EBU).

Пра гэта паведамляе прэс-служба НТКУ.

НТКУ тлумачыць сваё рашэнне складанай сітуацыяй у краіне, а таксама тым, што цяпер на падобныя забавы банальна няма сродкаў.

НТКУ спадзяецца, што Украіна не будзе ўдзельнічаць у конкурсе толькі на працягу аднаго года.

«Мы разумеем, што «Еўрабачанне» — гэта іміджавы праект, прэстыж. Але мы не маем права рабіць нешта дрэнна. А на «добра» у нас банальна няма грошай. Калі ў кагосьці ёсць жаданне дапамагчы — мы будзем толькі рады, але самастойна такі праект, баюся, мы не выцягнем. Таму было прынята такое рашэнне», — пракаментаваў сітуацыю генеральны дырэктар НТКУ Зураб Аласанія.

Акрамя таго большасць вядомых артыстаў запэўнілі прадстаўнікоў НТКУ, што зараз адмовіліся б ад удзелу ў «Еўрабачанні».

«Мы раіліся з многімі артыстамі, і яны сказалі, што не прымалі б удзелу ў конкурсе выключна па тых матывах, што зараз не час для весялосці. І сродкі, якія былі б выдаткаваныя на правядзенне ўкраінскага нацадбору «Еўрабачанне-2015», больш мэтазгодна накіраваць на важнейшыя патрэбы», — адзначыў адзін з прадзюсараў НТКУ Улад Багінскі.

Нагадаем, «Еўрабачанне-2015» адбудзецца ў сталіцы Аўстрыі — Вене 19, 21 і 23 мая 2015 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?