19.09.2014 / 18:26

Беларусь у адзінаццаты раз адзначае Дні еўрапейскай спадчыны

Шматлікія мерапрыемствы, прымеркаваныя да штогадовай акцыі «Дні еўрапейскай спадчыны», праходзяць у верасні ў бібліятэках і музеях Беларусі,

паведаміла загадчыца сектара па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкультуры Наталля Хвір. 

Сёлета Беларусь святкуе Дні еўрапейскай спадчыны ўжо ў адзінаццаты раз. Традыцыя пачалася з моманту падпісання беларускай дзяржавай 18 красавіка 1993 года Еўрапейскай культурнай канвенцыі Савета Еўропы. Краіны, якія адзначаюць гэта агульнаеўрапейскае культурнае свята, прысвячаюць мерапрыемствы ў рамках гэтай акцыі пэўнай тэме. Сёлета ў Беларусі акцыя праходзіць пад дэвізам «Прастора горада: пляцоўка для дзеяння». 

Урачысты вечар з нагоды чарговай акцыі «Дні еўрапейскай спадчыны» адбыўся 18 верасня ў сталічнай ратушы. Арганізатарамі гэтага мерапрыемства выступілі Міністэрства культуры, Інстытут беларускай культуры, Мінгарвыканкам і фонд «Культурная спадчына і сучаснасць» пры падтрымцы Музея гісторыі горада Мінска. На сустрэчы сабралася каля ста чалавек, у ліку якіх прадстаўнікі дыпламатычных місій, музейныя супрацоўнікі, спецыялісты па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, студэнты. 

Беларуская тэма акцыі — горад як месца для дзеяння — была абрана невыпадкова, адзначыў на адкрыцці ўрачыстага вечара намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко. 

«Горад і гарадская спадчына прадстаўляюць культуру сучаснай Беларусі ў кантэксце міжнароднай спадчыны, — сказаў чыноўнік. — Непасрэдна гарадская спадчына нашай краіны прадстаўлена досыць шырокім спектрам архітэктурна-будаўнічых помнікаў, помнікаў культуры і мастацтва. Варта адзначыць, што гарадская спадчына — гэта не толькі матэрыяльныя аб`екты, але і гарадская міфалогія, імёны і справы тых, хто шмат зрабіў для свайго месца. У беларускіх гарадах — ад старажытных Полацка, Турава, Заслаўя да маладых Наваполацка і Новалукомля — гістарычна сфарміравалася адмысловая атмасфера, якая і сёння працягвае развівацца». 

Сёння важнай задачай з`яўляецца «не толькі захаванне, але і прымнажэнне гарадской спадчыны». Гэтага, сказаў Яцко, можна дасягнуць шляхам яе пераасэнсавання, правядзення ў гарадской прасторы розных культурных мерапрыемстваў. «Межы гарадской прасторы цяпер пашыраюцца, і горад усё часцей выкарыстоўваецца ў якасці пляцоўкі для культурных акцый», — дадаў намеснік міністра культуры. 

Агульнаеўрапейскае свята пад назвай «Дні еўрапейскай спадчыны» заснавана ў 1991 годзе Саветам Еўропы. Мерапрыемствы ў рамках гэтага свята праводзяцца з тым, каб абудзіць цікавасць грамадскасці да захавання помнікаў гісторыі і культуры; пазнаёміць еўрапейскіх грамадзян з разнастайнасцю культурнай спадчыны кантынента шляхам параўнання спадчыны краін Еўропы; звярнуць увагу на праблему захавання аб`ектаў спадчыны, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення; фарміраваць шлях у будучыню дзякуючы ўсведамленню помнікаў культуры ў сучасных сацыяльна-палітычных, эканамічных і культурных умовах.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру