Падпісаныя сёння ўначы ў Мінску дакументы замацоўваюць спыненне агню ў Данбасе. Статус-кво Данбаса падобны да статуса Прыднястроўя пасля 1992 года. Такім чынам, Пуцін дасягнуў сваёй задачы-мінімум, стварэння марыянеткавай квазі-дзяржавы на ўсходзе Украіны, але не дасягнуў задачы-максімум — адрыву ад Украіны яе паўднёвай паловы, якую ў Маскве назвалі «Наваросіяй».

Што зрабіла Расія ў Прыднястроўі? Яна там на базе расійскай 40-й арміі стварыла і ўзброіла групоўку, нашмат мацнейшую за сілавыя структуры Малдовы, і фінансуе рэжым. У Малдовы і роднаснай з ёй Румыніі няма ні сілавых, ні эканамічных магчымасцяў аднавіць тэрытарыяльную цэласнасць краіны.

Але што адбылося паралельна?

З Прыднястроўем суадносіны «прарасійскіх» і «праеўрапейскіх, незалежніцкіх» сілаў у Малдове ў 1990-х і 2000-х былі б больш-менш як у Беларусі. Але без Прыднястроўя ў рэшце Малдовы праеўрапейскія настроі дамінуюць. У выніку рэшта Малдовы ўзяла курс на еўраінтэграцыю, хоць і без надзеі на поўную інтэграцыю ў ЕС і НАТА, пакуль на ўсходзе краіны ёсць замарожаны канфлікт.

Без Трансністрыі (румынская назва тэрыторый за «Ністру», Днястром) і пад ударамі расійскіх санкцый эканоміка Малдовы перажыла цяжкі спад (прамысловасць краіны была сканцэнтраваная акурат у Прыднястроўі). І гэты гаспадарчы правал, у задуме Масквы, меў дыскрэдытаваць еўраінтэграцыю.

Тым не менш, апошнія гады, калі да ўлады ў Малдове прыйшоў некамуністычны ўрад, эканоміка паказвае рост, а фінансавая сістэма, лей стабільныя. Пазітыўная тэндэнцыя вымалявалася.

Нешта падобнае можа чакаць і Украіну без Данбаса.

З Крымам і Данбасам Украіна трапляла ў палітычны клінч, які рабіў немагчымымі глыбінныя змены. 50 на 50 за і супраць Януковіча, крохкі баланс. Без Крыма і Данбаса прарасійскія сілы не маюць шанцаў ва ўкраінскай палітыцы. Гэта значыць, што ёсць шанец на хуткія рэформы.

Але што дадуць рэформы, калі газ каштуе 385 даляраў, а ў суседніх Беларусі і Расіі – 170? (І нафта аналагічна.) Пры такіх уводных украінская прадукцыя ўсё адно будзе саступаць у канкурэнтаздольнасці, заробкі вымушана будуць ніжэйшымі, а народ – незадаволеным.

Магчыма, і так. Але ёсць адзін спадзеў. Украіна – вялізная краіна, з агромністым унутраным рынкам, атамнымі электрастанцыямі, багатымі радовішчамі сыравіны. Нічога гэтага Малдова не мае.

І гэта дае Украіне патэнцыял у эканамічным плане не ператворыцца на бліжэйшыя гады ў вялікую Малдову, а развівацца лепш.

Аднак не выключаны і горшы варыянт. Расія без сумневу «створыць» у Данбасе армію, у разы больш магутную за ўкраінскую. Знайсці зачэпку лёгка, і «апалчэнцаў» адправяць на штурм Адэсы і аблогу Кіева. Але нават калі такі апакаліптычны сцэнар нестабільнасці не будзе рэалізаваны, моўная і культурная розніца між малдаванамі і савецкім насельніцтвам Прыднястроўя ўсё адно большая, чым між, скажам, усходнімі ўкраінцамі і расіянамі.

Безумоўна, Масква будзе імкнуцца да таго, каб за Крымам і Данбасам новыя ўкраінскія рэгіёны, нібы фішкі даміно, паклаліся пад Расію. У Крым і Данбас цяпер цякуць агромныя расійскія грошы. Там будуць ляпіць эканамічны цуд. 400-мільярдныя золатавалютныя рэзервы Расіі тое дазваляюць.

Але зноў жа ёсць адно але. Вялікая частка прадукцыі Данбаса можа быць запатрабаваная толькі ва Украіне. Перадусім вугаль. Расіі ён не трэба, свае шахты зачыняюцца. А Кіеву ён патрэбны як паветра. Каб зменшыць залежнасць ад расійскага газу. Каб не замёрзнуць зімой. Эканоміка Прыднястроўя была і ёсць заточана пад экспарт у Расію. Эканоміка Данбаса – пад Украіну. Пераарыентаваць гэта будзе няпроста нават на газавыя мільярды, і гэта заўжды будзе схіляць цвярозыя галовы ў Данецку да міру.

Прыклад Кіпра паказвае, што наяўнасць нявырашанага канфлікту не перашкода і для эканамічнага росквіту, і для поўнай еўраінтэграцыі, калі дзяржава адбылася, хоць і з адарванай часткай. І канечне, поспех ці няпоспех Украіны будзе вялікім прыкладам для Беларусі. Пакуль наша краіна захоўвае намінальную незалежнасць, гэта дае ёй шанец здабыць і незалежнасць рэальную калісьці ў будучыні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?