Я помню тую дату – 25 мая 2013 года. У «Мінск-Арэне» СКА перамагае люксембургскі «Эш» у другім фінальным матчы Кубка Выкліку ЕГФ.

Упершыню за 25 год мінскія армейцы падымаюць над сваімі галовамі еўрапейскі трафей. Паколькі тады мне ўсяго 23, міжнародных поспехаў каманды Спартака Мірановіча я да таго моманту не бачыў зусім: толькі чытаў пра іх ды чуў ад бацькі-вайскоўца, дзякуючы якому я і палюбіў армейскую каманду. Сказаць, што я адчуваю эйфарыю – не сказаць нічога. Я проста тану ў нестрымальным моры эмоцый: крычу, размахваю рукамі, паўторна перажываю кожны асобны момант гульні і нават думаю аб тым, каб набіць тату з выявай клубнага герба. Прыблізна тое ж, на маю думку, у той час адчуваюць і самі нашыя спартоўцы, якія пару секундаў таму ўпісалі свае імёны ў гісторыю.

Сярод іх і Рома Лукашук – правы крайні, адзін з маладых хлопцаў, якія тады пачыналі праяўляць сябе ў армейскай камандзе…

…Сёння я сяджу і, загарнуўшыся ў чырвона-сіні шалік, куплены перад тым самым ужо гістарычным матчам, узгадваю, як тады думаў: «Якая змена расце для каманды!..» Цяпер на адну з тых зорак стала менш. 14 верасня той самы Рома памёр у рэанімацыі, не прыходзячы ў прытомнасць.

Што магло здарыцца з хлопцам, кар’ера якога толькі набірала абароты? Як высветлілася, ён быў дастаўлены ў шпіталь яшчэ 7 верасня з траўмай хрыбта, якую атрымаў на выхадзе з начнога клуба. Паводле інфармацыі Следчага камітэта, спартовец паспрачаўся з незнаёмым мужчынам, хто першы паедзе на таксі. Ад удару Лукашук упаў і атрымаў траўму.

Другі ўдзельнік канфлікту — жыхар Мінскай вобласці 1988 года нараджэння. Яму інкрымінуюць наўмыснае нанясенне цялеснага пашкоджання.

«Там жа па сутнасці не было ніякага канфлікту, — расказвае спартыўны дырэктар СКА Андрэй Крайноў. — «Ён выходзіў з клуба з дзяўчынай, яго проста аклікнулі і нанеслі ўдар. Алкаголя там увогуле была мінімальная доза – толькі трошкі шампанскага».

На самой справе, Рома быў прыкладам спакойнага хлопца, не схільнага да агрэсіі.

«Ён быў зусім неканфліктны. Напэўна, адзін з самых спакойных гульцоў у камандзе. Нармальны адэкватны хлопец, вясёлы заўжды. У яго ніколі не было праблем са спартыўным рэжымам, не залётны быў, — працягвае Крайноў. — Добры хлопец, працавіты гулец. Меў выдатныя перспектывы на будучыню».

Летась Раман быў упершыню выкліканы ў нацыянальную зборную. Для хлопца ў 22 гэта ўжо вялікі поспех.

«Нацыянальная каманда – гэта сапраўды крок наперад, – расказваў пасля Лукашук у інтэрв’ю прэс-службе СКА. — Тут не трэба кагось прымушаць ці прасіць. Кожны гулец павінен сам паказаць усё, на што здольны, каб гэты выклік не быў для яго апошнім. Гэта сапраўдная асалода — быць у зборнай».

А калі Рому спыталі, якой замежнай зборнай ён сімпатызуе на міжнароднай арэне, адказ быў вартым гульца нацыянальнай каманды: «Я патрыёт, таму магу выдзеліць толькі нашую зборную».

Літаральна на ўсіх фатаграфіях, якіх на старонцы Лукашука ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» больш за 700, Рома ўсміхаецца. Здаецца, гэты чалавек увогуле не ведаў, што такое «дрэнны настрой».

Гэта таксама пацвярджае сябар і партнёр Лукашука па СКА Віктар Зайцаў: «Рома любіў жыццё і ўмеў яму радавацца, як ніхто іншы. Гэта вельмі пазітыўны, спагадны і добразычлівы чалавек. Стараўся ахоўваць сваіх блізкіх і родных, паважаў бацькоў, вельмі клапаціўся пра сваю малодшую сястрычку Аляксандру».

«Рома менавіта той чалавек, у якога словы і дзеянні ніколі не разыходзіліся. Рома заўсёды суперажываў, падтрымліваў у любых сітуацыях», — так апісвае Зайцаў свайго лепшага сябра.

«Я памятаю, як ён у пятым класе толькі прыйшоў у секцыю, – апавядае першы трэнер Ромы, Леанід Вашкевіч. — Такі разумны, спрытны хлопец. Яго бацька таксама займаўся гандболам, таму, магчыма, гены перадаліся».

Па словах Леаніда Ільіча, Раман не быў схільны да розных парушэнняў спартыўнага рэжыму, а наадварот, быў узорным гандбалістам для свайго ўзросту.

«Ніколі да яго не было ніякіх пытанняў. Шкада, што такога добрага чалавека цяпер з намі няма».

Але Раман Лукашук быў не толькі добрым хлопцам. Ён быў яшчэ і творчым чалавекам: «У юнацтве чытаў рэп, займаўся танцамі (вулічны стыль, хіп-хоп).

У родным горадзе Брэсце, з сябрамі, запісаў свой першы студыйны альбом. Свабодна валодаў англійскай мовай», – так апісвае таленты Ромы Віктар Зайцаў.

У СКА адбыўся агульны збор, на якім абмяркоўвалася гэтая сітуацыя: «Мы заўжды глядзім, каб спартоўцы не парушалі рэжым. Але ў людзей ёсць выхадныя дні, розныя святы ў жыцці. Усе мы жывыя людзі… Уся каманда цяпер у шоку – усе рыдаюць. Гэта сапраўды трагедыя».

…Я павесіў шалік над сваім працоўным сталом. Цяпер кожны раз, калі буду збірацца на гульню армейцаў, буду ўзгадваць таго светлага ўсмешлівага хлапчука…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?