Выйграць вайну ў Данецку і Луганску выключна ваеннымі метадамі немагчыма, заявіў сёння прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка у інтэрв'ю журналістам украінскіх тэлеканалаў.

«Падкрэсліваю — вайну ў горадзе Данецк, у горадзе Луганск выйграць выключна ваеннымі метадамі немагчыма. Камусьці здаецца, што мы зараз збярэм 3-4 батальёны, ўвойдзем, сканцэнтруем бранявы кулак, накрыем артылерыйскай падтрымкай, пашлем наперад спецназ, ліквідуем або ўзарвём органы кіравання, і нам усё хутка ўдасца — няпраўда. Нам гэтага не дадуць зрабіць. Чым больш там будзе батальёнаў тактычных груп або брыгад ўкраінскай арміі, тым больш там будзе войскаў РФ», — растлумачыў Парашэнка, падкрэсліўшы, што Расія выдаткавала мільярды даляраў на стварэнне негатыўнага іміджу Украіны.

«Я, безумоўна, адстойваю выразную пазіцыю міру. Я ўсё зраблю для таго, каб у краіне быў мір. І гэтыя законы (па Данбасу, прыняты Радай 16 верасня) накіраваны на рэалізацыю мірнага плана, які быў задэклараваны раней.

У нас цяпер ідзе дээскалацыя, хто б што ні казаў», — сказаў Пятро Парашэнка.

«На 65% ваенная тэхніка ў частках, якія стаялі на першых рубяжах, была знішчаная, і не было чым абараняцца, цяпер ужо ёсць».

Ён падкрэсліў, што ад саюзнікаў Украіна «не атрымала кулямёты, таму што ў нас ёсць кулямёты,

ёсць танкі, сістэмы залпавага агню, ракеты, артылерыя і ўсё астатняе, што дазваляе сёння нам трымаць фронт такой даўжыні».

«Але мы павінны атрымаць і атрымалі ўсё, што неабходна — выведвальнае, радарнае, назіральнае і іншае абароннае абсталяванне, — і не толькі ад ЗША —

якое нам дазволіць у дзясяткі разоў павысіць эфектыўнасць нашай зброі, мадэрнізаваць яе», — падкрэсліў Парашэнка.

«Мы за гэтыя два з паловай тыдні нарэшце атрымалі магчымасць адвесці тыя часткі, якія стаялі там дастаткова доўга, для ратацыі і аднаўлення баяздольнасці.

У адной з гэтых частак служыў мой сын. Зусім інакш ўспрымаеш вайну, калі там служыць твой сын. Інакш разумееш цану міру, небяспекі і прынятых рашэнняў», — прызнаўся Парашэнка.

Раней у СМІ была толькі неправераная інфармацыя пра тое, што сын Парашэнкі ваюе ў зоне АТА пад чужым прозвішчам.

Парашэнка таксама паведаміў, што некаторыя раёны Данбаса з асаблівым статусам будуць па перыметры кантралявацца ўкраінскімі пагранічнікамі, каб абараніць астатнюю Украіну, іншыя тэрыторыі ад распаўсюджвання канфлікту.

Нарэшце, Парашэнка заявіў, што тэрыторыя, падкантрольная украінскім вайскоўцам, павялічылася ў параўнанні з той, якая была па стане на 5 верасень 2014 (дзень падпісання Мінскага пратакола).

«Калі вы паглядзіце на лінію судакранання, якая павінна быць апублікаваная праз адпаведнае прадстаўленне ў Вярхоўнай Радзе, вы ўбачыце, што лінія судакранання значным чынам перасунулася, і ўкраінскія войскі зоймуць пазіцыі, якія былі страчаныя ў канцы жніўня, уздоўж ракі Кальміус», — запэўніў Парашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?