Не выключана, што ў бліжэйшыя гады ў Вільні будзе пабудавана метро. Гэты праект карыстаецца папулярнасцю сярод літоўскага грамадства, а рэалізацыі актыўна спрыяюць прадстаўнікі Мінскага метрапалітэна.

Паводле кіраўніка працоўнай групы, якая займаецца гэтым з літоўскага боку, дэпутата мэрыі сталіцы Літвы Уладзіміра Авіна, пабудова метро ў Вільні — пытанне вельмі актуальнае.

— Былое кіраўніцтва распрацавала схему пабудовы трох ліній метро, але для Вільні, з яе вузкімі вуліцамі, такая пабудова стала б катастрофай. Большасць жыхароў, згодна з апытаннямі, выступае супраць такой ідэі.

У выніку быў створаны грамадскі рух «Метро Саюдзіс», які зараз і прапагандуе ідэю пабудовы метро. Цікава, што нежаданне жыхароў пабачыць разбурэнне часткі старажытнага гораду — не адзіны чыннік на карысць падземкі.

— Тэндэнцыі сучаснага свету — экалогія, барацьба з забруджваннем. Таму экалагічны, электрычны транспарт — самы лепшы выхад.

Хаця рашэнне аб пабудове метро пакуль афіцыйна не прынята, яго прапрацоўкай ужо займаюцца на высокім узроўні. Так, у верасні Мінск наведалі мэр і віцэ‑мэр Вільні, якія, акрамя іншага, абмяркоўвалі з гарадскім кіраўніцтвам беларускай сталіцы і гэтае пытанне.

Як кажа намеснік кіраўніка Мінскага метрапалітэну Алег Круглоў, да гэтага былі ў Мінску і другія госці.

— Прыязджаў дэпутат Сейму, бізнесмен, у якога ёсць буйная будаўнічая кампанія. Быў тут і кіраўнік грамадскай арганізацыі будаўнікоў, які раней, цягам дзесяці гадоў, з’яўляўся міністрам будаўніцтва. Усіх цікавілі пытанні, звязаныя з пабудовай метро.

Мінск — не адзіны горад свету, які цікавіць літоўцаў. Іх увагу прыцягнулі метрапалітэны Порта, Рэнэрса, Турыну, Тулузы. Што ж датычыць падземкі беларускай сталіцы, то, паводле словаў Авіна, у нас ёсць чаму павучыцца.

— Нас цікавіць і тэхналогія, і бурыльныя машыны, і тое, як можна пабудаваць танней. Натуральна, мы суседзі, і можна вельмі лёгка з’ездзіць, сустрэцца, абмеркаваць і паглядзець.

Паводле Авіна, прадстаўніка правячай партыі «Саюдзіс», метро — гэта толькі пачатак супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі. Двухбаковыя сувязі, кажа дэпутат, і надалей будуць пашырацца. Апроч метро, лічыць Авін, ёсць сэнс звярнуць увагу на беларускі досвед забудовы гарадоў.

Вадзім Доўнар, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0