22.09.2014 / 17:18

З-за п'янага кіроўцы пад Іванавам сутыкнуліся тры аўтамабілі

Праводзіцца праверка па факце ДТЗ, учыненага 20 верасня ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці, у выніку якога пацярпелі тры чалавекі. 

Як паведаміла старшы інспектар аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама Наталія Мілюкова, аварыя здарылася на 13-м кіламетры аўтадарогі Н-472 Іванава — Моталь — Тышкавічы — Обрава. 21-гадовы жыхар Іванава не справіўся з кіраваннем «Мерседэса 300 D» і выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнуўся з «Опелем Амега». Ад лабавога ўдару «Мерседэс» адкінула, і ён сутыкнуўся яшчэ раз з «Фальксвагенам-Пасат», які рухаўся за «Опелем». Усе тры транспартныя сродкі апынуліся ў кювеце. 

У выніку ДТЗ атрымалі траўмы жанчына-вадзіцель «Опеля» і яе пасажырка, а таксама пасажырка «Фальксвагена». Усім пацярпелым жанчынам па 45 гадоў, яны змешчаны ў Іванаўскую цэнтральную раённую бальніцу. Вадзіцелі «Мерседэса» і «Фальксвагена» не пацярпелі. 

«Малады чалавек, які кіраваў «Мерседэсам», кінуў свой аўтамабіль і ўцёк з месца ДТЗ, — сказала Мілюкова. — На працягу гадзіны ён быў затрыманы ў адным з дамоў у вёсцы Замошша. На момант затрымання канцэнтрацыя алкаголю ў яго склала 2,3 праміле». 

Праверкай акалічнасцяў ДТЗ займаецца аддзяленне ДАІ Іванаўскага РАУС. Вырашаецца пытанне аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да вадзіцеля «Мерседэса».

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру