Вертыкальшчыкі імкнуліся бліжэй пазнаёміцца з маладымі апазіцыянерамі, цікавіліся іх мэтамі і месцам далейшага навучання. Падчас гутаркі быў закрануты самы шырокі спектр тэм, пачынаючы ад бульбянога пюрэ і скончаючы палітвязнямі, паведаміла прэс‑служба «Маладога Фронту».

Маладафронтаўскі бок на сустрэчы прадстаўлялі браты Іван і Ілля Шылы, Хрысціна Самойлава, Рыгор Астапеня і Андрусь Тычына, а таксама іх бацькі. Уладу прадстаўлялі начальнік аддзела па працы з моладдзю па Мінскай вобласці, другі сакратар БРСМ па Мінскай вобласці, начальнікі аддзелаў адукацыі і ідэалогіі Салігорскага райвыканкаму, начальнік аддзела па працы з моладдзю Салігорскага райвыканкаму, адказная па працы з моладдзю па Салігорскім раёне, інспектар міліцыі па справах непаўнагадовых Салігорскага РАУС маёр Р. Трацэўскі, а таксама дырэктары, сацыяльныя педагогі і класныя кіраўнікі тых школ, дзе навучаюцца маладзёны. Сустрэча адбывалася ў Салігорскай СШ №4.

Па словах Івана Шылы размова цягнулася паўтары гадзіны:

‑ Не скажу, што гэта быў нейкі канструктыўны дыялог. Прадстаўнікі абласной улады, як яны самі заявілі, жадалі толькі пазнаёміцца. Цікавіліся мэтамі нашай дзейнасці, планамі адносна далейшага навучання і паступлення пасьля школы. Жадання перавыхаваць нас у іх не было, але і зразумець нас яны асабліва не імкнуліся. Сцвярджалі, што наша дзейнасць незаконная, і пыталіся, ці мы пра гэта ведаем. Пытанні аб супрацьпраўнай дзейнасці з іх боку заставаліся без адказу. Сказалі, што прыехалі не па загадзе, а з уласнае ініцыятывы. Прыехалі ў Салігорск, бо палічылі нашую структуру адной з найбольш актыўных.

Прадстаўнік дэмсілаў Салігорску Аляксей Валабуеў так пракаментаваў гэтую сустрэчу:

‑ Наколькі мне вядома гэта сустрэча не была падобная да дыялогу. Хутчэй быў нечы загад зрабіць выгляд дыялогу, бо аніякіх канкрэтных прапаноў ні з аднаго боку ні з другога не было. Гэта не быў круглы стол сярод роўных па абмеркаванні вызначаных праблемных пытанняў. Тым не менш такі візіт, безумоўна, тэба разглядаць як станоўчы фактар. Відавочна, што ўлады прызнаюць вялікі ўплыў маладафронтаўцаў на грамадства і не могуць гэты ўплыў сілавымі сродкамі. Пагаршэньне эканамічнага стану ў краіне прымушае ўлады шукаць выйсце, таму трэба чакаць і наступных крокаў.

Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0