Сёньня радыёстанцыя «Эхо Москвы» паведаміла са спасылкай на крыніцы ў атачэньні Лукашэнкі, што 13‑14 сьнежня ў Менску беларускі і расійскі прэзыдэнты плянуюць падпісаць Канстытуцыйны акт «саюзнай дзяржавы». Нібыта Ўладзімір Пуцін мае стаць прэзыдэнтам «саюзнай дзяржавы» Расеі і Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка — сьпікерам «саюзнага парлямэнту».
Інфармацыя зь Менску ўмэнт разьнеслася па Інтэрнэце, правакуючы абурэньне ў Беларусі і інтрыгу ў Маскве. Аднак неўзабаве «Інтэрфакс», спасылаючыся на крыніцы ў атачэньні Пуціна, назваў гэтыя зьвесткі «спэкулятыўнымі фантазіямі». Абверг магчымасьць падпісаньня акту і Барыс Грызлоў, старшыня Думы.
Пазьней дадзеную інфармацыю спраставалі і Павал Лёгкі, кіраўнік прэс‑службы прэзыдэнта Беларусі, які зараз знаходзіцца ў сталіцы Вэнэсуэлы Каракасе, і Андрэй Папоў, голас Міністэрства замежных справаў.
«Я абвяргаю гэтую інфармацыю. Хай яна застаецца на сумленьні яе сачыніцеляў», — заявіў Павал Лёгкі ў інтэрвію беларускім радыёстанцыям.
Камэнтатары «НН» адзначаюць, што інфармацыю пра магчымасьць падпісаньня Канстытуцыйнага акту распаўсюджваў беларускі, а не расейскі бок. Распаўсюд такой інфармацыі дазваляе справакаваць акцыі пратэсту супраць прыезду Пуціна ў Беларусі і стварыць А. Лукашэнку вобраз абаронцы беларускай незалежнасьці.