На трэці дзень пасьля расейскіх выбараў у Думу нарадзілася ці не галоўная сэнсацыя нашага часу: у Менск едзе прэзыдэнт Пуцін. Як паведамляе дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА, 13‑14 сьнежня адбудзецца пасяджэньне «Вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі», падчас якога Лукашэнка і Пуцін «маюць намер дэтальна абмеркаваць пэрспэктывы прыняцьця Канстытуцыйнага акту Саюзнай дзяржавы».

Не пасьпела гэтая навіна абляцець беларускі інтэрнэт, як на многіх сайтах зьявіліся экспрэс‑водгукі палітычных камэнтатараў. Амаль усе б’юць трывогу: незалежнасьць Беларусі пад пагрозай! У пацьверджаньне гэтай тэзы адзін з аўтараў прыводзіць той факт, што візыт Пуціна будзе доўжыцца ажно два дні — за гэты час, маўляў, можна напрымаць шмат лёсавызначальных рашэньняў.

Пішуць, што для Пуціна ўзначаліць Вышэйшы дзяржсавет (які цяпер, нагадаем, узначальвае Лукашэнка) — спосаб захаваць усю паўнату ўлады ў Расеі пасьля абраньня ў сакавіку новага прэзыдэнта РФ. Дарэчы, ужо 17 сьнежня можа быць названае імя «пераемніка».

Ну, а Лукашэнку за лаяльнасьць Пуціну будуць ільготы на расейскі газ ды іншыя эканамічныя прэфэрэнцыі…

Цікава, што расейскія СМІ, найперш — інтэрнэт, значна больш спакойна адрэагавалі на навіну. А дакладней сказаць — ніяк не адрэагавалі. Ня кажучы ўжо пра адміністрацыю прэзыдэнта РФ, якая захоўвае маўчаньне на гэтую тэму. Што тычыцца маючага адбыцца пасяджэньня ў Менску, дык інфармацыйнае агенцтва РИА «Новости» са спасылкай на прэс‑службу расейскага ўраду паведаміла наступнае: «Прэм’ер‑міністар РФ Віктар Зубкоў абмеркаваў па тэлефоне са сваім беларускім калегам парадак маючага адбыцца пасяджэньня Вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі і плянаванага прыканцы сьнежня пасяджэньня Савету міністраў саюзнай дзяржавы».

Пра заплянаваную сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі — ані слова. Хоць гэты факт і расейскую прэсу павінен быў бы цікавіць. Усё‑ткі першы дзяржаўны візыт «нацыянальнага лідэра» за мяжу пасьля гістарычнай перамогі прапуцінскай «Адзінай Расеі» і пераканфігурацыі ўлады.

Прычым, размова ідзе нават не пра візыт Лукашэнкі ў Маскву, які абяцаў, што нагі яго больш ня будзе ў Крамлі, а пра візыт Пуціна ў Менск, то бок на паклон Лукашэнку…І гэта павінен зрабіць чалавек, які вельмі паважліва ставіцца да сваёй пэрсоны. Нездарма Пуцін заўсёды спазьняецца, нават на сустрэчы на выйшэйшым дзяржаўным узроўні. Аднойчы ён умудрыўся спазьніцца на спатканьне з брытанскай каралевай.

Што павінна было здарыцца надзвычайнага, каб прымусіць прэзыдэнта Расеі забыцца на ўсе былыя крыўды і прыехаць да свайго крыўдзіцеля?

Няма адказу. Але ў маўчаньня расейскай прэсы ёсьць даволі простае тлумачэньне. І палягае яно не ў сьвірэпай цэнзуры ці закрытасьці Крамля. Проста ўся інфармацыя, у тым ліку і агенцтва БелТА, абапіраецца на выказваньні кіраўніка чыноўніцкага апарату пад назвай «Саюзная дзяржава Беларусі і Расеі» Паўла Барадзіна. Гэты чыноўнік сярэдняй рукі даўно вядомы сваімі палітычнымі фантазіямі на тэму інтэграцыі Беларусі і Расеі. Калі браць на веру ягоныя ранейшыя выказваньні, дык мы, напрыклад, ад пачатку 2007 году павінны былі ўжо мець адзіную валюту саюзнай дзяржавы. А колькі разоў ён паведамляў пра падпісаньне Канстытуцыйнага акту, якое адбудзецца сёньня‑заўтра — не пералічыць. Павінен жа кіраўнік міждзяржаўнай структуры з агромністым штатам і неслабым бюджэтам неяк апраўдваць сваё і гэтай структуры існаваньне.

Гэтым разам Барадзін паведаміў БелТА, што на гэты момант падрыхтаваныя 5 (!) варыянтаў канстытуцыйнага акту. Далей варта працытаваць маскоўскага чыноўніка на мове арыгіналу: «Речь не идет о введении поста союзного президента и союзных министров. Ведь исполнительной власти вполне можно работать коллегиально, как в Европе. В проекте отражается конфедеративная модель устройств Союзного государства, то есть останутся гербы, гимны. При этом необходим союзный парламент, а также делегирование некоторых государственных полномочий на союзный уровень, в частности, полномочий по охране границы, таможне, обороне, военно‑техническому сотрудничеству, финансово‑кредитной политике, ценовой политике».

Дык усё‑ткі, канфэдэратыўная мадэль «устройств», ці такая, як цяпер у Эўразьвязе? І ў чым сэнс візыту Пуціна ў Менск? Пра што яны будуць гаварыць? Раскладваць пасьянс зь пяці варыянтаў саюзнай канстытуцыі?

І ці ўвогуле заслугоўваюць мудрыя выказваньні чыноўніка сур’ёзнай увагі аналітыкаў?

Але не ў былым заўгасе Крамля Барадзіне справа.

У мінулым стагодзьдзі жыў такі ірляндзкі драматург Сэмюэл Бэкет, які лічыцца заснавальнікам «тэатру абсурду». Героі самай вядомай зь ягоных п’ес — «У чаканьні Гадо» — увесь час займаюцца тым, што чакаюць нейкага мітычнага пэрсанажа. Вось фінал п’есы ў кароткім пераказе: «Эстрагон і Ўладзімер хочуць павесіцца, але ў іх няма моцнай вяроўкі. Заўтра яны прынясуць вяроўку і, калі Гадо зноў ня прыйдзе, павесяцца. Яны вырашаюць разысьціся на ноч, каб раніцай вярнуцца і зноў чакаць Гадо. «Хадзем», — кажа Ўладзімер. «Так, пайшлі», — згаджаецца Эстрагон. Абодва не кранаюцца зь месца».

Пуцін, зразумела, не мітычны пэрсанаж. Але паводзіны тых, хто ўвесь час чакае яго прыезду ў Беларусь, чымсьці нагадваюць паводзіны герояў п’есы абсурду.

А. Уласаў, газэта "Свабода"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0